Культура — найважнейшы складнік любой дзяржавы. Таму адна з задач, якія стаяць перад органамі ўлады, — гэта захаванне і распаўсюджванне культуры. Дасягнуць гэтага магчыма, арыентуючы культуру на падрастаючае пакаленне. Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка "інвестыцыі ў моладзь — гэта інвестыцыі ў нашу будучыню".
Нашы ўстановы культуры прыцягваюць да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах моладзь. Напрыклад, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў горадзе Мінску праводзіць літаратурныя квэсты, творчыя сустрэчы і праекты для моладзі, у "Беларускай хатцы" і Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбываюцца культурныя вечары і майстар-класы. Або Музейны комплекс "Дудуткі", дзе ладзяцца майстар-класы па кераміцы, кавальскай справе, ткацтве і выпяканні хлеба. Моладзь прыцягвае магчымасць самастойна зрабіць сувенір на ганчарным коле ці ўбачыць працу старадаўняга млына. Сярод сродкаў масавай інфармацыі таксама ёсць выданні, якія арыентаваны на юную аўдыторыю.
Адным з такіх можна назваць штомесячны інтэлектуальны літаратурна-мастацкі часопіс "Бярозка". Асаблівасць часопіса ў тым, што ён выходзіць на беларускай мове. Праз родную мову лягчэй за ўсё прывіць любоў да сваёй краіны, яе гісторыі і культуры.
Часопіс цікава пабудаваў сваю працу з чытачом. У ім кожны знойдзе нешта сваё.
[№9/2025] Рубрыка "Пра ТЭАТР" кажа сама за сябе — яна для тых, хто цікавіцца тэатральным мастацтвам. Напрыклад, у матэрыяле Ягора Ярмоленкі "Гульня ў штос" зроблены агляд спектакля "Пікавая дама" Гродзенскага абласнога тэатра лялек, прэм'ера якога адбылася яшчэ 15 гадоў таму, але пастаноўка захоўвае сваю актуальнасць і зараз, можна сказаць, гэта што своеасаблівая візітная картка тэатральнага Гродна.
[№3/2023] Рубрыка "Адраджэнне" ці "Гісторыя поспеху" — у ёй выходзяць інтэрв'ю з тымі, хто дасягнуў поспеху ў розных сферах жыцця. Мне асабліва запомніўся матэрыял Марыі Варатынскай "Рысь і прэмія Прэзідэнта". Гэта гісторыя пра дзяўчыну, якая займаецца ў ваенна-патрыятычным клубе "Рысь". Дзякуючы сваім поспехам, упартасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, яна атрымала прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Такія прыклады паказваюць: дасягненні маладых людзей заўважаюць і гатовыя заахвочваць. Гэта натхняе чытачоў і матывуе іх таксама быць актыўнымі.
[№4/2025] Рубрыка "PROпрафесію" будзе карысная тым, хто пакуль што знаходзіцца ў пошуках прафесіі. Напрыклад, матэрыял Кацярыны Корань "Разумней спалучаць лёгкую кіслінку і мяккую салодкасць" распавядае пра спецыфіку працы барыста. Такія матэрыялы карысна пачытаць падлеткам, нават некаторым дарослым, якія стаяць перад выбарам прафесіі і шукаюць свой шлях.
[№4/2025] Ёсць і рубрыка "Заяўка на Парнас", дзе друкуюць літаратурна-мастацкія тэксты — вершы і прозу чытачоў. Напрыклад, верш Міхаіла Сыча "Вайны нам не трэба", дзе аўтар распавядае пра жахі вайны на прыкладзе свайго дзядулі, які дайшоў да Берліна.
Упэўнена, часопіс "Бярозка" паказвае, што беларуская культура — сучасная, цікавая і даступная. Выданне не проста распавядае пра культуру, але і дае магчымасць маладым людзям самім у ёй удзельнічаць: пісаць артыкулы і вершы, выказваць сваё меркаванне.



