Скарбы беларускай паэзіі адкрылі ў старажытным замку

У старажытныя муры завіталі слынны паэт Леанід Дранько–Майсюк з новым зборнікам вершаў «Скарб» і Людміла Рублеўская, чыя кніга «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі» таксама нядаўна ўбачыла свет у выдавецтве «Звязда».

Леанід Дранько-Майсюк правёў сапраўдны займальны ўрок беларускай літаратуры для навучэнцаў Мірскай сярэдняй школы, якія прысутнічалі на сутрэчы. Школьнікі хорам паўтаралі за паэтам радкі вядомых вершаў і засвоілі, што найлепшы спосаб прызнацца дзяўчыне ў каханні — гэта ведаць на памяць беларускую паэзію.

Людміла Рублеўская распавяла пра тое, як у Мірскім замку здымаліся важныя сцэны экранізацыі яе рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», першага з авантурна–прыгодніцкай серыі. Прысутныя змаглі ўбачыць трэйлер фільма, а тасама сюжэт пра рэканструкцыю танка, прыдуманага Леанарда да Вінчы, якую здзейснілі на кінастудыі «Беларусьфільм». Менавіта гэта машына, якую называюць героі рамана «Жалезнай Чарапахай», дзейнічае і ў кнізе, і ў фільме. Унікальны механізм страляў з гарматаў і ездзіў па двары Мірскага замка, таму мясцовыя жыхары з асаблівым нецярпеннем чакаюць выхаду на экран гістарычнай кінастужкі.

На завяршэнне сустрэчы жадаючыя змаглі набыць кнігі вядомых літаратараў і атрымаць аўтографы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».