«Арт.С»: паэзія, сустрэчы, сяброўства

Паэтычны тэатр «Арт.С», які стаў адметнай культурнай з’явай у літаратурным жыцці, нядаўна адзначыў 15-годдзе.

23.04.2021 1Пачаткам дзейнасці стала прома-акцыя «Моладзь ідзе», якую ў красавіку 2006 года зладзілі ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі Аксана Спрынчан і Зміцер Арцюх. А штуршок да стварэння тэатра — жаданне стварыць уласную прастору, дзе можна было б праявіць сябе. І на доўгі час кніжніца стала ўтульным домам для творцаў. Некаторыя праекты ладзяцца і ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Назва літаратурна-музычнага салона «Паэтычны тэатр “Арт.С”» невыпадковая. Частыя госці на яго сцэне — паэты. Спалучэнне «Арт.С», як тлумачыць дырэктар тэатра Аксана Спрынчан, азначае творчасць, сустрэчы, сяброўства. У тэатры праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, прэзентацыі кніг, выстаўкі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва, майстар-класы па народных рамёствах.

Разынкай сталі тэатральныя праекты. Запомніўся вандроўна-эстэтычны праект «Сем цудаў Беларусі» — сем вечарын пра самыя адметныя мясціны нашай краіны: Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Сафійскі сабор, возера Нарач… Цікавым атрымаўся паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь», у якім творцы і навукоўцы дзеляцца таямніцамі сакральнага свету Беларусі. Праходзілі вечарыны прысвечаныя і нашым гарадам.

Варта дадаць, што пад дахам тэатра выступіла ўжо больш як 200 творцаў. Апроч пастаянных удзельнікаў шмат тых, каго запрашаюць на асобныя вечарыны.

Алег Грушэцкі

Крыніца: Літаратура і мастацтва № 16/2021