Зрэдчас на духаў зграмаджэнні
У ноч Дзядоў абраным людзям
Жывых магчыма вызваць цені.
Адам Міцкевіч
Змрочная княгіня Восень пануе на нашай зямлі штогод. Канчаткова развітаўшыся з пекнаю русалкаю Летам вераснёвай парою, становіцца законнаю валадаркаю над бязмежнымі абшарамі.
Так і цяпер ідзе яна, урачыстая, велічная. Лясы кідаюць ёй пад ногі свае шаты залатыя, вятры халодныя, як адданыя сабакі, трымаюцца побач, цемра чорным вэлюмам схавала сваю гаспадыню ад старонніх вачэй, і толькі вострая срэбраная зорка зіхаціць над яе галавою. Усё вакол вітае магутную вядзьмарку.
Менавіта ўвосень, на думку нашых продкаў, здараюцца самыя незвычайныя, фантастычныя і нават вусцішныя падзеі, гісторыі пра якія становяцца народнымі легендамі.
Перыяд з канца кастрычніка да пачатку лістапада лічыўся ў беларусаў сакральным. Гэта час, калі мяжа паміж светам жывых і мёртвых знікае. Развейваецца туман, вырастаюць з зямлі каменныя слупы з таямнічай вяззю, запальваюцца знічы на старажытных капішчах — духі наведваюць людзей, і людзі шануюць духаў.
Да гэтай містычнай пары нашы продкі скончылі працу ў полі, сабралі ўраджай, і гаспадарчыя клопаты займалі іх менш. Калі адгулялі ўжо заручыны і вяселлі (а іх спраўлялі адразу пасля Дажынак), вечары станавіліся доўгімі, на вуліцы ўсё часцей панавалі залева і непраглядны змрок. Ды сумаваць і ў гэтую часіну не выпадала: усе былі ахоплены іншым клопатам — рыхтаваліся да Дзядоў.
Гэтае свята трывала замацавалася ў самабытным календары беларусаў як дзень ушанавання памерлых продкаў. Лічылася, у гэты дзень душы могуць перайсці праз нябачную мяжу паміж светамі Яві (жывых) і Наві (мёртвых), агледзець родную хату і гаспадарку, наведаць сваіх нашчадкаў і нават сесці з імі за адзін стол.
Але да памінальнай вячэры нашы продкі выконвалі шэраг сімвалічных дзеянняў-абрадаў, каб як належыць сустрэць гасцей з таго свету. Напрыклад, зранку ўсе хатнія мыліся ў лазні, але пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца.
Пасля наведвалі імшу (такі дзіўны сінтэз паганскіх і хрысціянскіх традыцый суправаджаюць жыццё беларуса і дагэтуль) і выпраўляліся на могілкі. Там правілі магілы: ставілі прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладалі іх дзірваном, камянямі, усталёўвалі крыжы. Сыходзячы, пакідалі пачастунак: хлеб або печыва. Яго павінны былі здзяўбці птушкі, якіх лічылі душамі продкаў, што прыляцелі з Выраю ў святы дзень.
Па вяртанні дадому прымаліся за гатаванне памінальнай вячэры. Пасля стол засцілалі новым бялюткім абрусам з агніста-чырвоным арнаментам, а да звыклых прыбораў дадаваліся дзедаўская чарка і міска, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу.
За акном лютавала залева, ледзяныя няспынныя струмяні вадаспадамі цурчалі з дахаў і дрэў. Раз-пораз над хатай бліскалі маланкі – залатыя перуновы стрэлы, — аглушальнымі раскатамі страсаў наваколле гром. За дзвярыма стаіўся драпежнік-змрок, усё пільнаваў новую ахвяру: ці неасцярожнага вандроўніка, ці беспрытульнага жабрака, ці безабаронную дзяўчыну.
І ў гэтым вусцішным хаосе, што зладзіла вядзьмарка Восень, звычайная сялянская хата здавалася цёплым і зацішным прытулкам. Яна знутры свяцілася жывым і прыхільным агнём. Ды не толькі таму, што паўсюль запальвалі лучыны і свечкі. О, не! Святло ішло ад сэрцаў родных людзей, што сабраліся разам, і цяпер ніякі дух жахлівай Наві ім нястрашны — гарачае полымя любові зможа перамагчы мёртвае здранцвенне.
Нарэшце, у такую ўрачыстую і вусцішную хвіліну ўстае гаспадар, тры разы абыходзіць стол і заклікае дзядоў наступнымі словамі:
Святыя дзяды! Завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.
Пасля магічнага закліку пачыналася сапраўдная містэрыя. Вось затрапятаць агеньчык лучыны, нібы ад лёгкага подыху, са скрыпам прычыніліся дзверы. У хаце запанавала крыштальная цішыня, усе баяліся прамовіць і слова, якое б разбіла на сотні аскепкаў гэтую ўрачыстую хвіліну.
Кожны, хто сядзеў за святочным сталом, прыслухоўваючыся, азіраўся. Любы рух (лопат крылаў птушкі, подых ветру, крокі жывёліны) расцэньваўся так: дзяды прынялі запрашэнне і набліжаюцца.
Раптам нешта нямоцна ўдарыла ў акно, і вось гукі ўжо даносяцца з коміна — душы вярнуліся дадому. Прывідныя, нябачныя, яны сядаюць за стол поруч са сваімі дзецьмі, унукамі, праўнукамі… Нашчадкі добрым словам успамінаюць дзядоў, дзяды не могуць наглядзецца на сваіх нашчадкаў.
Толькі адзін раз на год выпадае магчымасць мёртвым сустрэцца з жывымі. У цьмяным начным святле поўні на кароткі час яднаюцца два светы: Яві і Наві, злучаюцца душы продкаў і іх нашчадкаў.
Раніцай зноў усталюецца непахісная мяжа, паміж двума царствамі — прорва. Ды толькі мёртвыя навечна застаюцца ў сэрцах жывых.
Ангеліна НАРУК,
ГДУ імя Ф. Скарыны
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА