Кастрычнік — гэта месяц, калі надвор’е спакваля пачынае мяняцца з летняга на восеньскае, у прыродзе адбываюцца заўважныя змены. Вядома, хочацца назіраць за такім працэсам ды апісваць усе метамарфозы, якія здараюцца. Але як зрабіць гэта прыгожа? – Чытайце ніжэй.
Пачнем са звычайных дзеясловаў, з дапамогаю якіх, на дзіва, можна апісаць вялікую колькасць розных з’яў прыроды. Гэта «займацца» і «брацца». Дзеяслоў «займацца» ўжываецца для таго, каб паведаміць пра пачатак раніцы, зары ці золку. У літаратуры можам сустрэць такія прыклады: Заняўся ранак. Людзі ў поле Ідуць на працу грамадой. (П. Прыходзька) Каржакаваты хвойнік прытуліў... людзей у сабе тады, калі неўзабаве павінна было заняцца на дзень. (К. Чорны). «Брацца» таксама ўжываецца, каб паведаміць пра пачатак чагосьці, часцей за ўсё маразоў, пары дня ці сезона. Да прыкладу прывядзём наступныя радкі з твораў класічнай літаратуры: Зіма бралася нядружна. (І. Дуброўкі) Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. (Я. Колас) Сціх вецер. Бралася на мароз. Асфальт падсох. (І. Шамякін)
Прытым трэба зазначыць, што словазлучэнні з дзеясловамі «займацца» і «брацца» могуць утварацца як з дапамогаю прыназоўніка «на», так і без яго. Напрыклад, можна сказаць «бярэцца на восень» ды «бярэцца восень». Акрамя таго, дзеяслоў «брацца» ў адзіным выпадку можа ўжывацца з прыназоўнікам «пад»: Бярэцца пад поўню (рус. скоро будет полнолуние).
Цікавая сітуацыя са спалучэннямі «бярэцца на мароз» і «бярэцца мароз»: можа ўжывацца і незваротны дзеяслоў — «бярэ на мароз» ці «бярэ мароз». У такім выпадку мароз не пачынаецца, а мацнее (рус. крепчает). У творы Івана Мележа «Людзі на балоце» чытаем: Мітрахван казаў праўду: брала на мароз. Удзень гэта амаль не адчувалася, а цяпер, з надвячоркам, мароз вельмі прыкметна мацнеў.
Пры апісанні прыроды часта ўжываецца прыназоўнік «на». Яшчэ ён можа скарыстоўвацца ў прыкметах, у якіх на рускую мову будзе перакладацца прыназоўнікам «к». Прыляцелі гракі – на дождж. (Прыкмета) У рускай мове будзе «к дождю».
Мы падрабязна разабралі два дзеясловы, якія выкарыстоўваюцца для паказання на пачатак пэўнай з’явы прыроды, але разам з імі могуць ужывацца і іншыя: «збірацца на …», «паказваць на …», «ісці на …», « хіліцца на …». Прывядзём прыклады з перакладамі на рускую мову: Збіраецца на дождж. – Кажется, дождь собирается. Паказвае на пагоду. – Будет хорошая погода. Ідзе на зіму. – Скоро зима. Хіліцца на адлігу. – Будет оттепель. Час хіліўся да восені. – Время близилось к осени.
Надвор’е ў любы сезон можа быць як добрым, так і кепскім, неспрыяльным. Для апісання стану прыроды ў першым выпадку можна карыстацца назоўнікам «пагода», які нельга атаясамліваць з рускім «погода». Да прыкладу: Як мінае бура, настае пагода. Вось таму мне мілы росквіт веснавы. (А. Гурло) Беларускае слова «пагода» перакладаецца састарэлым рускім словам «вёдро».
Антонімамі да назоўніка «пагода» з’яўлюцца словы «непагода», «непагадзь», «нянасце». Васіль Быкаў апісваў непагоду такім чынам: Зверху, амаль што нячуйны, сыпаўся дробненькі, як пыл, дожджык-імжака; .. абцяжаранае змрокам і непагаддзю, нізка асела неба.
Мы навучыліся акрэсліваць надвор’е ў агульных рысах. Цяпер прыгадаем назвы канкрэтных з’яў прыроды і звязаныя з імі выразы. Пачнем з ападкаў (рус. осадков). І першай мы разгледзім з’яву, якая асацыюецца з восенню, — дождж. У беларускай мове сінонімам для выразу «ідзе дождж» з’яўляецца дзеяслоў «дажджыць». Ён падобны да англійскага «to rain», нямецкага «regnen», французскага «pleuvoir», якія ўжываюцца для перадачы значэння «ідзе дождж».
Існуюць розныя прымаўкі і ўстойлівыя выразы, звязаныя з дажджом. Калі дзеці хутка растуць, пра іх могуць сказаць «растуць як грыбы пасля дажджу», што сінанімічна выразу «растуць як на дражджах». Калі чалавек заўзята намагаецца дасягнуць пэўнай мэты, а вынік мізэрны, то можна скарыстацца прымаўкаю «з вялікага грому малы дождж».
У залежнасці ад інтэнсіўнасці дажджу для яго апісання можна выкарыстоўваць і іншыя дзеясловы. Дождж можа «церушыць», «імгліць», «імжыць» (рус. моросить), «крапаць». Што тычыцца «імгліць», «імжыць», яны звязаныя са словамі «імгла» і «імжа», якія могуць пазначаць не толькі ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек дажджу, але і заслону туману, пылу ці дыму. То-бок у перакладзе на рускую мову гэта альбо «изморось», альбо «мгла».
У вас можа паўстаць пытанне «А як сказаць “изморозь”?». Гэта будзе «на́маразь». Са словам «намаразь» звязана рускае слова «иней». На беларускую мову яно можа перакладацца двума спосабамі: «іней» ці «шэрань». Заўважце, што першае слова чытаецца праз гук [йі], а другое належыць да жаночага роду: напрыклад, ранішняя шэрань. Да ападкаў, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі, належыць яшчэ «раса». Пра выпадзенне вялікай колькасці расы кажуць «росна». Нават існуе такая жартаўлівая прымаўка: Раніцай — росна, удзень — млосна, увечары — камары — не выстаўляй з куста галавы.
Кажучы пра дождж, мы не можам забыцца на з’явы прыроды, якія могуць яго суправаджаць. Гэта «навальніца» (рус. гроза), «маланка», «бліскаві́ца» (рус. молния), «гром» (рус. гром), «грымоты», «перуны» (раскаты грома). Вось так навальніцу апісвае Аркадзь Чарнышэвіч: Заляскацелі перуны. Воддаль задымілася сасна, апаленая маланкай. Дарэчы, слова «перуны» ўваходзіць у склад вельмі карыснага выразу «сыпаць перуны», што адпавядае рускаму «метать громы и молнии». У творы Міхася Лынькова «Векапомныя дні» ёсць сказ «Направа і налева сыпаліся перуны і маланкі», які перакладаецца як «Направо и налево метал он гром и молнии».
Для апісання навальніцы, непагадзі могуць прыдасца дзеясловы «грукаць», «грукатаць» (рус. громыхать), «грымець» (рус. греметь), «блі́скаць» (рус. сверкать). Прывядзём прыклады: Ноч над зямлёй плыла. Грукала навальніца. (М. Калачынскі) Мінулае нельга перайначыць, бо нельга вярнуць учарашні дзень і тую маланку, што аднойчы блі́снула на небе. (Л. Дайнека).
Часам увосень можа выпадаць снег. Тут гэтак жа, як і ў выпадку з «дажджом» можна скарыстацца адным словам — «сняжыць». У сваім вершы Пятро Глебка піша: Яшчэ сняжыць сырымі днямі,. Яшчэ марозіць ноч у ноч. Трэба заўважыць, што на снег можа сказаць і «церушыць», але гэта будзе значыць рус. «порошить». Як пісаў Віталь Вольскі: З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. Яшчэ адзін цікавы момант: калі снег мокры, то гэта «хля́па», а значыць, на дварэ «хля́піць».
З ападкамі шчыльна звязаны такія словы, як «воблака» (рус. облако) і «хмара» (рус. туча). Разам са словам «воблака» ў мастацкай літаратуры ўжываецца слова «аблачына»: І чародка-града аблачын кучаравых Праплывае-плыве за прастор лугавы (С. Гаўрусёў). Ад слова «хмара» можна ўтварыць вельмі карысныя для апісання надвор’я дзеясловы — «нахмарыцца» (рус. покрыться тучами) і «расхмарыцца» (рус. развиднеться). Слова «нахмарыцца» ужываў Кандрат Крапіва: Рыгор успрыняў гэта, як нешта немінучае і даўно для яго вырашанае, нібы гэта Шура сказала, што на дварэ пайшоў дождж, калі ён сам бачыў, што нахмарылася, і чакаў гэтага дажджу. А як сказаць «пасмурно»? І тут на дапамогу прыйдуць словы, звязаныя з «хмараю» — «пахму́рна», «хму́рна», «хма́рна». Васіль Хомчанка піша: «Было холадна, хмарна, дзьмуў сыры вецер».
Надвор’е можа быць разнастайным, таму пра словы, датычныя яго, можна разважаць даволі доўга. Каб вы маглі замацаваць пададзены ў гэтым артыкуле вакабулярый і даведацца яшчэ іншых лексем, прапануем вам выканаць інтэрактыўныя практыкаванні. Да іх можна перайсці, адсканаваўшы к’юар-коды, змешчаныя побач з артыкулам.
Арцісь ГУРДАЕЎ
Ад рэдакцыі : паназірайце адным днём у кастрычніку ці лістападзе за надвор’ем у месцы, дзе вы жывяце. Складзіце невялікае апавяданне-апісанне і дашліце яго нам на электронную пошту: chas.bjarozka@gmail.com. Найлепшыя будуць апублікаваны ў сацыяльных сетках!
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА