Наша зерне — нашы думкі —
Не загінуць свету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.
Янка Купала
***
Мінула стагоддзе са дня нараджэння нашай «Бярозкі». Ды і не пазнаць ужо яе — з маленькага насення-парастка пераўтварылася ў казачную прыгажуню-князёўну: гордая і зграбная пастава ў іскрыстай кужэльнай сукні, натхнёны і гарэзлівы пагляд прывабіў не аднаго мінака, а смарагдавыя аксамітныя валасы яе вадаспадамі струменяцца па вытанчаных бялюткіх плячах. Словам, перад намі ўжо не сціплая дзяўчынка — статная паненка.
Давайце ж развеем смугу дзесяцігоддзяў ды паглядзім, з чаго ўсё пачыналася: як нарадзілася, вырасла і пасталела наша прыгажуня «Бярозка». І галоўнае, хто прыклаў шмат намаганняў, часу і творчых сіл, каб узрасціць яе ў лепшых традыцыях нацыянальнай літаратуры і культуры. Іх імёны вы ўсе добра памятаеце са школы, але сёння прапаную паглядзець на бацькоў «Бярозкі» іншымі вачыма: не як на далёкіх, адбітых у мармуры і бронзе класікаў, а як на руплівых настаўнікаў, выхавацеляў беларускай моладзі.
Узараў і падрыхтаваў глебу — будучы дом для маленькага насення — магутны волат не толькі пісьменніцкага пяра, але і ўпартай, цяжкой сялянскай працы — Якуб Колас. Хто, як не ён, абраўшы для літаратурнай творчасці такі, здавалася б, «прыземлены» псеўданім, зведаў сапраўдную каштоўнасць зямлі, а яна не вымяраецца ні валокамі, ні грашыма. У творчасці паэта яна ўведзена ў культ, набывае не столькі матэрыяльнае, колькі духоўнае значэнне, становіцца сінонімам да паняцця Радзімы:
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне.
Менавіта на гэтай «новай зямлі», апрацаванай тысячамі сялянскіх рук і апетай дзясяткамі паэтаў, зарунеў першы нясмелы парастак. Люлялі-калыхалі яго звонкія, як крышталь, чыстыя, як крынічная вада, спевы таямнічых прыгажунь-русалак; зачароўваў сваімі дзівоснымі мелодыямі смык паплечнікаў Сымона-музыкі.
Калі «Бярозка» крыху падрасла, яе завабілі самотныя, напеўныя матывы купалаўскай «Жалейкі». У яе мелодыях напоўніцу загучала жывое народнае слова, якое так прыйшлося да душы малой. А паэтаў «Гусляр» апанаваў яе свядомасць чарадзейнымі казкамі, узнёслымі, рамантычнымі, часам вусцішнымі і трагічнымі, але заўсёды годнымі і прыгожымі. Дзяўчынка, як наяве, бачыла ў сваіх снах-мроях пракаветныя курганы, у якіх хаваюцца незлічоныя скарбы; легендарных герояў-волатаў, што заносілі меч над вялізнай і жудаснай пачварай; змрочную князёўну-здань, што праз здраджанае каханне кінулася ў вір; таямнічы гушчар непраходнага лесу, дзе на Купалле, як жар, гарыць-квітнее папараць:
Ходзяць хмары шумліва, паважна,
Падцінае хаўтурны ім звон;
Людзі плачуць над хлопцам, над княжнай,
Князю б’юць за паклонам паклон.
І так пайшла «Бярозка» «шляхам жыцця» за гэтымі, поўнымі самоты і надзеі, казкамі і песнямі. Ды хіба то былі толькі казкі, выдумка? Не, у гэтых немудрагелістых, простых словах загаварыў магутны і велічны народ, што тады не ўсведамляў сваёй сілы. А пранікнёны і адораны ад прыроды Купала, што сам вырас сярод старасвецкіх легенд і паданняў і ўзяў сабе такі міфічны, таямнічы псеўданім, апеў і ўзвысіў жывую народную паэзію.
Нібы клапатлівая матуля, упрыгожыла галаву «Бярозкі» яскравым вянком-каронай Канстанцыя Буйло. Сплецены з «курганных кветак», красак-дыяментаў ён зіхацеў-пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі на чале дзяўчынкі. І кожны — увасабленне той песні-казкі, чароўнай, дарагой сэрцу з дзяцінства. Дзівосны вянок, быццам магічны куфэрак, захоўваў спадчыну нашых песняроў, а разам з імі і ўсяго народа:
Ёсць дзіўная сіла у гэтых лістках:
Чуць толькі я гляну на іх —
Мне прошласць яны ўспамінаюць на міг,
І тону ў чароўных я снах.
Верным і надзейным сябрам для «Бярозкі» стаў бядулеўскі «Салавей». Гарэзлівая птушка любіла, гуляючы, корпацца ў яркіх аксамітных валасах дзяўчыны, лётаць-кружыцца вакол яе, забаўляючыся, ці проста сядзець на танюткім плячы. Салавей дакладна ўгадваў настрой сваёй маленькай гаспадыні, чуйна рэагаваў на яе пачуцці залівістай, звонкай песняй. Было гэта шчасце ці сум, самота ці першае каханне — заўжды знаходзіў адпаведны матыў: «Салоўка спявае. Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку? Яна сваімі спевамі давала натхненне (як даўней гаварылі) песнярам усіх краёў зямлі. Пакаленне за пакаленнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё спяваў ды спяваў, дыктаваў вершы рамантычна настроеным юнакам. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі, як гліняны гляк дротам. Калі не верыце — папрабуйце!»
Апошні дар маленькай «Бярозцы» прынёс Максім Гарэцкі: надзяліў дзяўчынку ўсімі «скарбамі жыцця», уласнага і нацыянальнага. Назапасіўшы незлічоныя багацці народнай мудрасці і ўзоры маральных ідэалаў, усё перадаў дбайны пісьменнік сваёй духоўнай дачцэ, а разам з ёю, і наступным пакаленням рамантычных юнакоў. І, нягледзячы на тое, што сам Гарэцкі рана сышоў у нябыт, ён здолеў зрабіць так, каб побач з «Бярозкай» на ніве беларускае культуры закрасавалася маладая, жыццяздольная рунь: «Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння бацькаўшчыны?»
***
Прайшлі гады — і вось перад намі ўжо ладная паненка, дзяўчына «Бярозка». З непрыхаванай цікаўнасцю, неўтаймаваным імпэтам і натхненнем пазірае яна на нас — яе чытачоў, пісьменнікаў, рэдактараў, — бо ад нас наўпрост залежыць яе будучыня. Якой будзе «Бярозка» праз 10, 50, 100 гадоў? Адкажа на гэта пытанне час.
Зараз мы стаім на ростанях, кожны дзень выбіраючы лепшы шлях для развіцця «Бярозкі»: паміж традыцыяй і наватарствам, класікай і сучаснасцю. Хаця модныя павевы мяняюцца з няўмольнай хуткасцю, каштоўнасныя арыенціры і скіраванасць часопіса маюць трывалы падмурак і сыходзяць каранямі ў «залаты перыяд» станаўлення беларускай літаратуры і культуры. Гэтая шчыльная сувязь будзе і надалей жывіць «Бярозку», служыць крыніцай натхнення яе аўтарам.
Сёння мы падсумоўваем тыя здабыткі, дасягненне, «скарбы», што мы атрымалі за час існавання «Бярозкі». Пісьменнікі, што некалі натхнёнымі юнакамі змяшчалі на яе старонках свае першыя творы, цяпер па праве лічацца класікамі нацыянальнай літаратуры. Хто ведае, магчыма, і сярод маладых аўтараў часопіса знойдзецца сапраўды зорная плеяда, што азарыць небасхіл сучаснай культуры.
Няхай жа творчыя памкненні і натхненне не пакідаюць аўтараў і ўкладальнікаў!
Няхай жа квітнее і рунее «Бярозка»!
Ангеліна НАРУК,
ГДУ імя Ф. Скарыны
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА