Анонс часопіса «Бярозка» №1

Вітанкі, сябры! Здаецца, толькі ўчора святкавалі Новы год, а ўжо глядзі – цэлы месяц мінуў. Час ідзе хутка, але мы можам злавіць і зафіксаваць асобныя моманты. Дзякуючы нашай памяці і… друкаваным старонкам часопіса “Бярозка”, які падрыхтаваў шмат цікавых артыкулаў за гэты месяц.

Для ўсіх, хто плануе стаць SMM-спецыялістам, – распавядзём, з чаго пачаць, дзе атрымаць адукацыю, у чым складанасць прафесіі і як ператварыць падабайкі ў кар’еру.

 “Я хачу, каб мова мая жыла I жывы мой народ размаўляў са мною”, — напісаў калісьці вядомы беларускі паэт Васіль Зуёнак. А сёння   ўжо мы пішам літаратурнае даследаванне па творчасці гэтага вялікага чалавека.

 У нашай гісторыі было дастаткова моцных духам жанчын, якія змаглі не толькі каардынальна паўплываць на грамадства, але і зрабіць   грунтоўны ўнёсак у яго культурнае развіццё. На старонках часопіса распавядаем пра жыццё Францішкі Уршулі Радзівілл і ствараем з   ёй  маляваны постар.

 На жаль, снег да нас так і не завітаў, але ж якая зіма без яго абыдзецца? Душа ўсё адно просіць хаця б уявіць, як лепіш снежную бабу.   Аднак ёсць лепшы варыянт – пагуляць у відэагульні з зімовай атмасферай. На старонках часопіса сабралі для вас топ-3 найлепшых.

 Ці страшна хадзіць у паходы? А калі ў балота? А калі ў цябе заплечнік 15 кілаграмаў ды яшчэ ты правальваешся ў багну? Чаму людзі   так цягнуцца да прыроды?   Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў артыкуле “Тут лёгка згубіцца, але яно таго варта”.

 Дзівосная і захапляльная беларуская міфалогія зноў на сувязі. Расказваем пра духаў-нягоднікаў Злыдняў і як не пусціць іх да сваёй   хаты.

 Для ўсіх аматараў беларускай мовы – вывучаем, чым адрозніваюцца “ледзяшы” ад “ледзякоў”, чым падобныя “сувей” і “гурбіна” і што   такое “скавыш”.

 І каб падвесці добрую, казачную рысу – раю прачытаць казку пра маленькага вандроўніка Шубуршуна, які шукаў чыстую крыніцу.

Прыемнага вам чытання!

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА