Шубуршун шукае чыстыстую ваду

Ад рэдакцыі: Гэта казка знаёміць чытачоў з незвычайным шляхам добрага, адважнага і знаходлівага Шубуршуна — няўрымслівага героя і заўзятага аматара прыгод. У поўным варыянце кнігі Алеся Карлюкевіча вы прачытаеце пра ўсе вандроўкі нашага сябра, а ніжэй прадстаўлена толькі адно з падарожжаў.

Мой юны сябра!

Мы ўжо знаёмыя з Шубуршуном. З малой плямачкі ў школьным дзённіку Веранікі ён вырас у мужнага вандроўніка. Здолеў прайсці праз многія выпрабаванні ў падарожжах па беларускіх рэках. Пазнаёміўся са Свіслаччу. Адкрыў для сябе Бярэзіну, якая прынесла яго карабель у Дняпро. Так, міжволі, згодна сіле і моцы рачных артэрый, апынуўся на беразе Чорнага мора. І ўвесь гэты час ён трымаў у памяці сваю родную старонку. Вось дзіва! Маленькая істота, а колькі ў ім любові да родных рэк, лясоў і палеткаў, якія раскіданы па іх берагах. Такая праява ў сэрцы Шубуршуна таму, што чым далей ты ад дому, роднай хаціны, тым болей цябе цягне вярнуцца, адчуць родныя пахі, у чарговы раз з вялікім замілаваннем разгледзець родныя фарбы беларускай прыроды…

Пра новую вандроўку Шубуршуна я і збіраюся вам расказаць. Вы зразумееце, як ён патрапіў у невядомы дагэтуль край. І на свае вочы, праявіўшы фантазію, убачыце, а не дык проста паразважаеце, наколькі цяжкімі былі новыя выпрабаванні нашага сябра.

Словам, збірайцеся ў новае падарожжа!..

 ЦІ ЁСЦЬ НА СВЕЦЕ БРУДНЫЯ РЭКІ?

 Згубіўшы ў сваёй ранейшай вандроўцы карабель, Шубуршун апынуўся на беразе Чорнага мора. Доўга прыходзіў у сябе. І не таму, што так балюча яму   было. Хаця і за страчаны карабель перажываў. А непакоіла болей за ўсё невядомасць. Ён прызвычаіўся быць патрабавальным да сябе. Ісці да канца ў   дасягненні той ці іншай мэты. А зараз…

 І як раней, зусім нечакана ў думкі і развагі капітана ўмяшалася Чарадзейная Пясчынка. Зіхоткія праменьчыкі ад яе калолі вачаняты, казыталі поўсць.

 — Што засумаваў, герой? прамовіла аднекуль з вышыні Чарадзейная Пясчынка.

 — Ды які я герой. Няма карабля, не ведаю, куды ісці, куды плыць, журботна адказаў Шубуршун. І дадому не вернешся. Я яшчэ ніколі не рухаўся   супраць цячэння. Хаця… на чым рухацца, на чым дабірацца?!

 — Дык ты нешта зусім засумаваў! Разумею цябе, бо чужая старана без ветру сушыць. Але ж ты руплівы працаўнік і ўсім добрым людзям   памагаты.  Адкінь свае трывогі, адкінь сум — і падумай, што трэба заняцца вартай справай…

 Шубуршун заўжды верыў Чарадзейнай Пясчынцы. І таму адразу запытаўся:

 — Што ж ты мне параіш? У які бок загадаеш падацца?

 Праменьчыкі пасля таго, як гучна ўздыхнула Чарадзейная Пясчынка, зазіхацелі яшчэ ярчэй.

 — У свеце шмат клопатаў для тых, хто добрыя справы робіць. Яшчэ болей — для тых, хто пра заўтрашні дзень рупіцца. Вось мы з табою размаўляем на  беразе мора. Яго хвалі чысцюткімі кропелькамі дакранаюцца да нас. Нават мне самой нешта праз праменьчыкі ад гэтай чысціні, прахалоды перадаецца. А ёсць жа старонкі на нашай планеце, дзе да вады з-за бруду, рознага смецця і падступіцца нельга. Мне нават уявіць цяжка, як там людзі жывуць…

Такіх рэк у Беларусі я не бачыў!

Ды іх і няма ў тваёй роднай і светлай старонцы! А вось у астатнім свеце хапае брудных. Яны ёсць у Амерыцы і Азіі, на Філіпінах, у Італіі, Інданэзіі і Індыі...

— І чаму так здарылася? Шубуршуна пачаў непакоіць новы клопат. «Сапраўдная бяда ў людзей! Што яны сабе думаюць?! Няўжо яны не ведаюць, што вада прайшла — бяда прыйшла…»

Чарадзейная Пясчынка быццам прачытала думкі капітана:

Так, мой дружа, без вады няма жыцця. І засмечваючы раку, наносячы ёй шкоду, людзі самі сябе губяць. Ведаю тваю неабыякавасць, ведаю, што ты сам жадаеш убачыць, як і што ля такіх рэк адбываецца, якая там дапамога патрэбна. Ці не так? Магу падараваць табе карабель з бамбукавага ствала і адправіць у палёт на хмары ў далёкі свет… Ці згодны?..

Капітан не паспеў нічога адказаць. Праменьчыкі пабеглі наверх, да сваёй гаспадыні. Шубуршун задраў галаву высока ўгору. Але ўбачыў толькі святло, што знікала за даляглядамі… Ды ён ужо ў думках і пагадзіўся з прапановай Чарадзейнай Пясчынкі. І чараўніца, відаць, і яго пачула. Шубуршун ніяк не мог зразумець, як гэта можа такое быць, каб людзі не мелі чыстых рэк і чыстай крынічнай вады. Такое хіба бывае?!. У Беларусі ж, мо і не самай вялікай краіне, разамз 20 000 рэк і 10 000 азёр яшчэ некалькі сотняў крыніц. Вучоныя кажуць, што амаль 1 200… О, Шубуршун ведае смак крынічнай вады! Лепшай вады, чым з крыніцы ля Балачанкі, ён і не каштаваў нідзе і ніколі!.. Праўду кажуць, што няма смачнейшае вадзіцы, як з роднай крыніцы. Якое гэта, атрымліваецца, шчасце паспытаць крынічнай вады, абмыць ёю твар. Ад такіх думак-успамінаў капітан соладка зажмурыў вочы…

ПАДКАЗКІ АД ДЗЯДУЛІ ФЕНОЛАГІ

На Беларусі 20,8 тысяч рэк. Самыя буйныя Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, Сож, Нёман, Пціч, Заходняя Дзвіна. Воды з беларускіх рэк ідуць у водазборы Чорнага і Балтыйскага мораў.

Азёр на Беларусі больш за 10 тысяч. Самыя вялікія Нарач, якую называюць «Беларускае мора», Асвейскае, Чырвонае, Лукомскае, Дрывяты, Нешчарда, Выганашчанскае, Снуды, Свір.

А ўсяго ў свеце прыблізна ад 3 ад 4 мільярдаў рэк і рачулак. Рэк даўжынёю 1000 км 194. Самыя доўгія Амазонка, Ніл, Місісіпі Місуры, Янцзы, Хуанхэ, Об Іртыш, Енісей, Лена, Амур Аргунь, Ла-Плата Парана, Конга Луалаба Лувуа Луапула Чамбешы, Меконг, Нігер, Макензі Нявольнічая Піс Фінлей. Часам, калі рэкі працякаюць па тэрыторыі розных краін, яны называюцца па-рознаму. Усе астатнія рэкі, акрамя згаданых, па даўжыні меней 4000 км. Днепр, знаёмы ўсім жыхарам Беларусі, па даўжыні на 51 месцы ў свеце 2 287 км. На Беларусі даўжыня Дняпра 700 км.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА