Вітаю вас, даражэнькія падбярозавічкі. Мы пачынаем новы цыкл у рамках рубрыкі «міфалогія». Ён будзе прысвечаны істотам ніжэйшай міфалогіі і перанясе вас у казачны свет беларускіх нячысцікаў.
Якія вобразы былі створаны дзівосным уяўленнем нашых продкаў і што яны з сябе ўяўляюць, вы зможаце даведвацца на працягу года разам з «Бярозкай». Але артыкулы будуць не зусім простыя, а крыху казачныя, бо на падмурку беларускага фальклору і міфалогіі я паспрабую пабудаваць для вас па-сапраўднаму чароўны свет. Міфічны, крыху пужаючы, але дакладна захапляльны.
Сярод шматлікіх беларускіх міфічных нягоднікаў ёсць тыя, якія ажыццяўляюць людскія дрэнныя думкі. Яны селяцца ў хаце сквапных гаспадароў і прыносяць нядолю ўсёй сям’і. Магчыма, вы ўжо здагадаліся, што гаворка пойдзе пра Злыдняў — варожых духаў, якія насылаюць на людзей няшчасці.
Старадаўнія беларусы ўяўлялі іх маленькімі страшнымі істотамі, якія жывуць за печчу і селяцца пераважна зграямі, бо так яны мацней шкодзяць. Выглядаюць яны падобна на малога ката ці сабаку, вельмі гарбатыя, на дзвух лапах і ў вялізных ботах. Іх поўсць нядбайна тырчыць у розныя бакі, а з пашчы віднеюцца крывыя зубы. Некаторыя з іх ходзяць ў шапках-вушанках, што надае ім асобай нязграбнасці, бо звычайна шапка спаўзае на бок ці вочы, з-за гэтага яны нават не бачуць куды лятуць і заўсёды сутыкаюцца з усім на сваім шляху.
Калі ўжо хтосьці з іх заскокне да вас — лічы прапала. Бо Злыдні нічога не робяць мэтанакіравана. Яны хапаюцца за ўсё, што бачаць, руйнуюць і псуюць усё, што знаходзіцца ў хаце. Нават малако з-пад каровы пачынае цячы горкае і нясмачнае, калі яны з’яўляюцца на двары. Але ўбачыць іх цяжка, бо вылазяць са хованак яны толькі, калі гаспадар пакідае хату. Яны пакусаюць ваша печыва, разаб’юць посуд, стопчуць покрыва на ложку, размалююць фотаздымкі алоўкамі ці страшней — дакументы… У цэлым, навядуць поўны хаос. На што іх ўяўлення хопіць, ніхто не можа прадбачыць. Нават існуе старадаўняя прымаўка: «Упрасіліся злыдні на тры дні, а і ў тры гады не выжывеш».
Кажуць, быццам бы Злыдні селяцца ў тых дамах, дзе гаспадар хоча хутка разбагацець. Так яно ці не, хто ж яго ведае. Але, вядома, што Злыдняў могуць наклікаць нядобразычліўцы. Так бы мовіць, сурочыць. Таму трэба быць асцярожнымі з гасцямі, асабліва няпрошанымі. Лічыцца, што нельга класці на стол лішнюю лыжку — выклічаш Злыдняў. Таксама нельга падымаць лыжкі з дарог і красці ў іншых, бо Злыдні могуць хавацца ў іх і такім чынам перасяляцца з хаты ў хату.
Пазбавіцца ад іх вельмі складана. Для гэтага трэба злавіць усіх Злыдняў у шчыльны мяшок, накідаць туды камянёў, знайсці самае далёкае балота і ўтапіць там мяшок. Але глядзіце, каб ніхто не сачыў за вамі, бо як толькі мяшок дастануць з балота, Злыдні адразу ж вернуцца да вашай хаты.
Навошта яны гэта робяць, адказ вы не атрымаеце. Бывае, што Злыдні трапляюць у дом да добрых гаспадароў. Іх могуць наклікаць людзі, якія зайздросцяць сям’і. Але, ёсць меркаванне, што моц Злыдняў — гэта байкі, і, калі ты не верыш у іх, яны папросту не змогуць табе нашкодзіць.
Адну з такіх гісторый чула і я. Зараз распавяду і вам...
А прачытаць яе можна ў часопісе "Бярозка" №1 за 2025 год.
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА