Беларускі тэатр — гэта лялечны тэатр

Рубрыка: Пра тэатр

Калі кажуць пра тэатр лялек, першае, што прыходзіць да галавы ў сярэднестатыстычнага чалавека, дзяцінства, яркія фарбы, пальчаткавыя звяркі за шырмай і блазан Пятрушка. Час без турбот, калі хочацца толькі смяяцца! Такія асацыяцыі не памылковыя, але яны ўласцівыя ўвогуле паняццю лялечны тэатр на тэрыторыі Усходняй Еўропы, а беларускі тэатр лялек крыху пра іншае. Вось пра яго асаблівасці  і пойдзе далей размова.

Гісторыкі адзначаюць, што адной з першых формаў лялечнага тэатра на тэрыторыі Беларусі ў XVI-XVII стагоддзях, ды і тэатра ўвогуле, была батлейка. Гэта невялічкі драўляны куфар у выглядзе двухпавярховай хаткі, упрыгожанай каляровай паперай, тканінай, саломай і ўсім, што трапіла пад руку мастака. Лялькамі ў гэтай скрыні-хатцы кіравалі акцёры, якія перасоўвалі іх на драўлянай палачцы па выймах на дне батлейкі. Сюжэты часцей за ўсё былі біблейскія, і збольшага паказваліся яны на Каляды: напрыклад, нараджэнне Ісуса Хрыста ў Віфлеемскай пячоры (адсюль назва: віфлеембатлеембатлейка). Рэлігійныя аснова такога лялечнага тэатра тлумачыць і двухпавярховасць скрыні-доміка: на першым паверсе паказваецца зямное (чалавечае) жыццё, на другім нябеснае (боскае і анёльскае), а ўсё тое, што з’яўляецца з-пад батлейкі, выходзіць наўпрост з чортавага пекла.

А невялікія памеры такога куфра былі для зручнасці, бо пераносілі яго з хаты ў хату, з вёскі ў вёску, каб кожнаму распавесці Калядную гісторыю. Пасля сталі даваць невялікія лялечныя спектаклі на плошчах і не толькі на Каляды. Рэпертуар змяняўся, набываў народныя тэмы, гумарыстычныя элементы. Адбывалася трансфармацыя, і батлейка стала ўжо не толькі тэатрам лялек, які распавядае біблейскую гісторыю, а яшчэ і тэатрам лялек, які забаўляе публіку сатырыстычнымі анекдотамі на сацыяльныя тэмы.

У савецкія часы батлейка, як тэатр з рэлігійнай асновай, са зразумелых прычын амаль знікла. І толькі напрыканцы XX стагоддзя пачала адраджацца: у Маладзечна адкрываецца лялечны тэатр «Батлейка», які арыентуецца на старажытныя традыцыі беларускага мастацтва, хрысціянскую духоўнасць і чалавечую мараль. Але, на жаль, сёння ў рэпертуары гэтага тэатра амаль няма традыцыйных беларускіх сюжэтаў, а творчы кірунак узяты на сусветна вядомыя дзіцячыя творы. Нашмат бліжэйшы да сапраўдных беларускіх лялек праўнук батлейкі тэатр «Дом з марамі», які ўзнік у мінулым годзе. Багаты рэпертуар класічных твораў нашых пісьменнікаў, нацыянальны каларыт і беларуская мова. Дэвіз тэатра: «Месца, дзе жыве любоў», да якога хочацца дадаць, што гэта яшчэ і месца, дзе адраджаецца сучаснае тэатральнае мастацтва.

XX стагоддзе можна назваць ключавым у гісторыі станаўлення беларускага лялечнага тэатра. Тэатральная драматычная прастора знаходзіцца ў пошуках новых формаў, а эксперыменты з матэрыяламі і жанрамі прыводзяць да звароту да лялек. Гэта «стрэліла», і ва ўсіх краінах СССР пачынаюць адкрывацца тэатры такой адметнасці, з’яўляцца трупы лялечнікаў. Беларусь не стала выключэннем: з савецкіх часоў і па сёння ў нашай краіне існуе лялечны тэатр у кожным абласным цэнтры.

Лялечны тэатр пачынае развівацца, рэжысёры падарожнічаюць па свеце, бачаць спектаклі розных народаў, абменьваюцца досведам. З’яўляюцца новыя віды лялек, новыя формы тэатра: марыянеткі, ценявыя, роставыя, гапітныя і шмат якіх яшчэ. Увогуле, тэатр лялек падзяляюць на тры тыпы: тэатр верхавых лялек, калі акцёры знаходзяцца за шырмай, а лялькі зверху: напрыклад, пальчаткавыя; тэатр нізавых лялек марыянеткі; і тэатр пасярэдніх лялек, калі акцёр з лялькай нароўні. Усе тыпы спектакляў можна ўбачыць на сцэне беларускіх тэатраў і сёння!

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек (БДТЛ) у Мінску, дзе галоўны рэжысёр Яўген Карняг, а галоўны мастак Таццяна Нерсісян, можна з упэўненасцю назваць адным з найлепшых сёння ў краіне. Квіткі раскупляюць за гадзіны, зробленыя гледачамі нарэзкі спектакляў у ТikТok трапляюць у трэнды як у Беларусі, так і ў Расіі, а спектаклі гэтага творчага трыа (да галоўнага мастака і рэжысёра неабходна дадаць яшчэ кампазітара Кацярыну Аверкаву) бяруць узнагароды за сцэнічныя працы на міжнародных конкурсах. Вядома, гэта не адзіны такі добры тэатр нашай Сінявокай! Але ў лялечным майстэрстве, у працы з матэрыялам, прадметам і пачуццямі гледачоў канкурэнтаў у БДТЛ няшмат.

Адна з апошніх дзённых прэм’ер тэатра «Разумная сабачка Соня» гэта смешная гісторыя адной маленькай сабачкі, якая прыдумляе сабе гульні і трапляе ў дзіўныя сітуацыі. Яе фантазія такая ж дзіўная і асаблівая, як сцэнаграфія ў стылі кубізму, з адсутнасцю перспектывы, дзіўнай формай прадметаў ды яркім колерам сусвету, дзе адбываецца дзеянне. Спектакль распавядае пра бязмежныя ўласцівасці творчага патэнцыялу кожнага, падымае настрой і героям гісторыі, і гледачам, а таксама прапануе пачаць актыўна марыць!

Гісторыя пра сабачку Соню цікавіць рэжысёраў...

Працяг чытайце ў часопісе "Бярозка" №6

Ягор ЯРМОЛЕНКА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА