«Кожны букет — маленькая гісторыя, расказаная на мове кветак», або фларыстыка для пачаткоўцаў

Рубрыка: PROпрафесію

Свет, напоўнены водарамі і фарбамі, прыцягвае сваёй прыгажосцю і гармоніяй. У сферы фларыстыкі кожны дзень не падобны да папярэдняга, бо кветкі — не проста расліны, а цэлая палітра эмоцый і настрояў. Разам з аўтарам арыгінальных букетаў і кампазіцый Аяй Крылоўскай расказваем пра гэту творчую і шматгранную прафесію.

Аднойчы я праходзіла міма кветкавай крамы і ўбачыла цудоўныя працы прафесійнага фларыста. У той момант да мяне прыйшло ўсведамленне, што таксама хачу ствараць падобную прыгажосць, дарыць людзям радасць і незабыўныя эмоцыі, — распавядае пра свой дэбют Айя.

Першыя крокі ў прафесіі былі няпростымі. Я вучылася назвам раслін, тэхнікам складання букетаў і спосабам догляду кветак. Пад кіраўніцтвам дасведчаных фларыстаў асвойвала мастацтва спалучэнняў, формаў і тэкстур. А ўжо сёння я прафесіянал, які стварае кампазіцыі да вяселляў, юбілеяў і проста для ўзняцця настрою сваім кліентам. Кожны букет маленькая гісторыя, расказаная на мове кветак. І я шчаслівая, што магу быць іх часткай, бо фларыстыка сучаснае мастацтва, якое патрабуе любові, цярплівасці і бясконцага натхнення.

На першы погляд можа здацца, што спецыялісты гэтай сферы займаюцца толькі складаннем букетаў. Фларысты, акрамя гэтага, яшчэ і афармляюць event-мерапрыемствы, вяселлі і ўрачыстасцi, арганізоўваюць працу салона, даглядаюць жывыя расліны, маюць кантакт з дастаўнікамі матэрыялаў і дапамагаюць пакупнікам зрабіць выбар лепшай кампазіцыі.

 Для пабудовы паспяховай кар’еры патрэбныя адпаведныя якасці і навыкі. Айя ўказвае на важнасць ведаў у батаніцы: фларыст павінен разбірацца ў назвах, уласцівасцях і   асаблівасцях розных кветак і раслін. Пры гэтым неабходна разумець, як правільна іх даглядаць, каб захаваць свежасць. Таксама спецыялісту трэба валодаць развітым пачуццём густу і   стылю, каб спалучаць колеры, формы і тэкстуры для стварэння кампазіцыі, прыдатнай для канкрэтнага выпадку. А дзякуючы навыкам зносін з кліентамі можна падабраць аптымальныя   варыянты афармлення.

 — Акрамя таго, фларыст павінен быць акуратным, уважлівым да дэталяў і фізічна цягавітым. Праца з кветкамі патрабуе карпатлівай працы і можа быць дастаткова стомнай.

 Прафесія ўвесь час развіваецца, з'яўляюцца новыя тэхнікі і матэрыялы, таму трэба быць гатовым да вывучэння сучасных тэндэнцый і павышэння сваёй кваліфікацыі. У вну падобнай   спецыялізацыі няма, а вось Мінскі каледж рамесніцтва і дызайну ім. Кедышка можа прапанаваць прайсці навучанне ў іх пасля заканчэння 9 класаў. Для паступлення трэба здаць   экзамен па фармальнай графічнай кампазіцыі, а план набору ў гэтым годзе складае 25 чалавек.

 Айя ж выбрала іншы шлях — курсы ад дзвюх вядомых школ фларыстыкі ў Мінску. Такі спосаб апускання ў прафесію дае неабходную базу для пачаткоўца, якую трэба падмацоўваць   сталым вывучэннем трэндаў і навінак.

 Рынак фларыстыкі даволі насычаны і вылучыцца сярод мноства прапаноў няпроста. Тут важныя ўнікальнасць падыходу да складання кампазіцыі і маркетынгавая стратэгія   прасоўвання.  Прычым можна працаваць у розных стылях — класічным, сучасным, сельскім, мінімалізм або боха. Таксама ёсць магчымасць падабраць напрамак, што прыйдзецца па   душы:

  •  Фларыст-афармляльнік мерапрыемстваў, вясельная і карпаратыўная фларыстыка. Спецыялісты працуюць з кліентамі як з буйных кампаній, так і, напрыклад, з арганізатарамі вяселляў;
  •  Фларыст-кансультант/выкладчык і анлайн-фларыстыка. Прафесіяналы могуць дзяліцца сваімі ведамі і досведам, праводзячы майстар-класы, кансультацыі і ствараючы аўтарскія курсы;
  •  Эка-фларыстыка і інш. Асаблівая ўвага надаецца выкарыстанню экалагічна чыстых матэрыялаў і сезонных кветак.

 Самае галоўнае — не баяцца эксперыментаваць. Па словах Айі, фларыстыка — мастацтва, якое не ведае меж. Спрабуйце нечаканыя для сябе спалучэнні колеру і тэкстуры. Вывучайце   работы майстроў, але не слепа капіюйце іх, а шукайце ўласны стыль. Увесь час вучыцеся, бо свет кветак велізарны і разнастайны. Даведвайцеся пра новыя гатункі і іх характарыстыкі,   наведвайце майстар-класы, чытайце спецыялізаваную літаратуру, звяртайцеся да дасведчаных фларыстаў. І не забывайцеся развіваць нагледжанасць і пачуццё прыгожага, паколькі напаўненне сябе прыгажосцю адаб’ецца на вашых працах.

Кацярына КОРАНЬ,

фота з архіву героя

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА