Рубрыка: Міфалогія
Вітаю вас, падбярозавікі! У новым артыкуле мы звернемся да цікавага вобразу азярніц. Памятаеце тыя страшныя гісторыі пра лясную нечысць, якая зацягвае самотных падарожнікаў у дрыгву ці глыб азёраў? Такі аповед давялося пачуць аднойчы і мне.
Падчас наведвання Мядзельскага краю, я пазнаёмілася з велізарнай колькасцю мясцовых насельнікаў. Кожны з іх з павагаю ставіцца да азёраў і лясоў Мядзельшчыны — бо гэта сапраўдны хлеб мясцовых жыхароў. Асаблівае стаўленне да вады нарадзіла шмат легендаў і паданняў, характэрных толькі для гэтага рэгіёна. А як мы ўжо ведаем, у кожнай гісторыі ёсць свой падмурак…
Кажуць, калі пайсці на возера ў туманны дзень, можна пачуць чароўныя спевы міфічных прыгажунь. Завуцца яны азярніцамі і з’яўляюцца азёрным падвідам русалак. Часцей за ўсё яны сустракаліся каля Чорнага возера, што знаходзіцца недалёка ад вёскі Брусы. Возера гэтае вельмі глыбокае, а дно яго гразкае і глеістае, таму вада здаецца чорнаю, хоць і даволі чыстая. Азярніцы падобныя да маладых жанчын. Але адрозніць вы іх дакладна зможаце, бо валасы іх доўгія і зеленаватыя, скура крыху цёмная, а замест ступняў — плаўнікі. Магчыма, яны з’яўляюцца нейкімі сваякамі жаб, бо на дотык іх скура вельмі халодная. Яны быццам бы празрыстыя і напоўнены замест крыві вадой. Жудасна? Вядома! Але і на гэтым не ўсё.

Вельмі часта русалкі-азярніцы выходзілі на бераг і гайдаліся на галінках бяроз і вербаў. А тых, хто да іх трапляў, яны маглі да смерці заказытаць. Асабліва русалкі любілі лавіць хлопцаў. Колькі юнакоў заказыталі азярніцы — ніхто не ведае. Заманьваюць азёрныя прыгажуні сваімі цікавымі спевамі, якія чутныя каля азёр на захадзе сонца. У ціхае надвор’е можна нават крыху разабраць, пра што яны спяваюць. Але, калі азярніцы хаваюцца ў глыбі азёр, іх размовы падобны да жабінага кракатання. Можа, чулі гэткі гул каля вадаёма ці багны?
Кажуць, што азярніцы могуць з’яўляцца толькі падвідам русалак, які водзіцца менавіта ў азёрах і мець свае пэўныя асаблівасці.
Існуе некалькі меркаванняў пра паходжанне азярніц. Першае сцвярджае, што азярніцы — гэта душы дзяўчат, якія тапіліся ў вадаёмах ад горасці жыцця. Іншыя сцвярджаюць, што гэта такія ж жыхары вадаёмаў, як жабы ды змеі. Некаторыя мяркуюць, што яны паўнапраўныя душы-уладары азёр. Але якое меркаванне мае месца быць, мы дакладна не даведаемся.
Адно можна казаць дакладна — у Мядзельскіх лясах з іх таямнічасцю і першабытнай чысцінёй можна паверыць у любыя казкі, а можа і не казкі… Таму будзьце асцярожныя, заходзячы ў ваду. І не вядзіцеся на загадкавыя спевы ў лесе!
Софія ТУРОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



