У гэтым творы
выкарыстаны ўспаміны
дзяцей-сведкаў блакады
Ленінграда
Анёл сядзіць ля ложка Валі і ціха плача. Па яго светлых шчоках коцяцца слёзы, пакідаючы сляды таго болю, які ён зведаў за месяцы змрочнай безвыходнасці і страху перад тым, што будзе далей з Валяй. Анёл пяшчотна гладзіць дзяўчынку па бялявай галоўцы, а яна салодка ўсміхаецца ў сне і бачыць сон пра тое, зусім іншае жыццё, яшчэ да вайны.
Яны тады паехалі на лецішча — мама, тата і Валя. Дзень быў спякотны. У паветры стаяў настойлівы і злёгку дурманлівы пах нядаўна скошанай травы і садовых кветак. Сонца свяціла асабліва ярка, саграваючы ўсіх сваёй радаснай усмешкай. Сонечныя промні, як гарэзлівыя дзеці, бегалі і весяліліся, гуляючы ў хованкі ў пышных кронах дрэў. Ад гэтага лісце свяцілася самымі рознымі адценнямі зялёнага, ад ярка-смарагдавага да далікатна-салатнага. Валя сядзела ў цені высокай разгалістай яблыні і чытала. Бацькі абмяркоўвалі паездку на Фінскі заліў, якая мела адбыцца, і, здаецца, Валя тады была самым шчаслівым дзіцём у свеце. Яе душа спявала, дзяўчынцы хацелася смяяцца і крычаць на ўвесь белы свет, якая яна шчаслівая.
Анёл сумна ўсміхнуўся гэтым дзіцячым і такім чыстым думкам сваёй дзяўчынкі. Ён памятаў, што было далей.
А далей вайна, якая так жорстка і раптоўна адабрала ў Валі дзяцінства. Ранейшыя мары, планы, спадзяванні перасталі мець сэнс. Наперадзе былі толькі жахлівая невядомасць і страх. Мама ўвесь вечар плакала, а тата маўчаў, абхапіўшы галаву рукамі, нібы адчуваючы моцны, рэзкі боль. Валя тады ўвесь вечар прасядзела ў садзе, слухаючы жахлівую цішыню, якая раптам пасялілася ў іх доме. Дзяўчынка глядзела на агністы шар сонца, што заходзіла за гарызонт, і адчувала, што разам з сонечным святлом сыходзіць яе дзяцінства. Бесклапотнае і такое ўжо недасягальнае.
Тата пайшоў на фронт. Перад тым як сесці ў цягнік, ён абхапіў Валю за плечы і доўга глядзеў ёй у вочы. Валя ніколі не забудзе яго погляду, страчанага і сумнага. Тата разумеў, што Валю, напэўна, больш ніколі не ўбачыць. А Валя тады гэтага ўсведамляць не магла, яна адчувала толькі тужлівую пустату, быццам нехта адабраў у яе нешта важнае, без чаго нельга жыць.
Мама хадзіла капаць акопы. Кожны раз Валі было страшна, што мама можа не вярнуцца дадому. Але мама прыходзіла і старалася ўсміхацца дачцэ, толькі ўсмешка гэтая была страшная, пакутліва разгубленая і сумная. Маме вельмі балелі рукі: далоні былі сцёртыя да крыві. Але яна не скардзілася, бадзёрылася і казала Валі, што гэта часова, трэба толькі пацярпець і ўсё будзе добра. Часам толькі, забыўшыся, яна сядзела нерухома і глядзела ў адну кропку невідушчым поглядам, моцна сціснуўшы вусны.
Больш за ўсё Валі хацелася есці. Мама кожны дзень прыносіла ў хату два невялікія кавалачкі хлеба. Валя тады беражліва брала хлеб у рукі і доўга ўдыхала яго саладкавы пах. Мама дзяліла хлеб на маленькія кавалачкі, і яны елі яго патрошку на працягу дня.
Аднаго разу мама варыла суп з бульбянага шалупіння і плітак сталярнага клею, які растваралі і варылі з лаўровым лістом. Калі Валя ела гэты суп, яна плакала. Слёзы каціліся па яе бледных шчоках з вялізных, такіх не па-дзіцячы сур’ёзных вачэй. Ёй было крыўдна і горка, але ў той жа час смачна, як ніколі.
Вады ў доме не было. Валя кожны дзень хадзіла да калонкі, якая знаходзілася на суседняй вуліцы. Калі Валя набліжалася да калонкі, сэрца дзяўчынкі кожны раз замірала і пачынала хутка-хутка стукаць. Валі было страшна. Там, дзе дзеці, жанчыны і старыя набіралі ваду, было вельмі слізка. Некаторыя людзі падалі і ўжо не ўставалі. Проста не было моцы падняцца, ісці кудысьці і нешта рабіць.

І вось аднойчы мама проста сышла па ваду і не вярнулася. Зараз Валя ляжыць у паліто пад двума коўдрамі і спіць. Яна не можа нават адкрыць вочы, каб глядзець на гэты свет і спадзявацца, што ўсё яшчэ наладзіцца. Анёл сядзіць каля яе ложка і сумна глядзіць на пусты, халодны пакой. Калісьці тут гучаў смех, раздаваліся вясёлыя галасы, было ўтульна і цяпло. Было ўсё, а зараз няма нічога. І Анёл плача, яму шкада сваю маленькую Валю, у якой так жорстка і несправядліва адабралі дзяцінства. Ён ведае, што ў Валі больш няма мамы…
Анёл акуратна стукае ў суседнія дзверы. Вельмі ціха і асцярожна дзверы прыадчыняюцца, і з кватэры выходзіць жанчына, хістаючыся і трымаючыся рукой за сцяну. Яна няўцямна глядзіць на пустую лесвічную пляцоўку. Анёл ласкава бярэ жанчыну за руку і падводзіць да дзвярэй Валінай кватэры. Жанчына нясмела адчыняе яе і праходзіць да суседзяў. Яна не ведае, чаму робіць гэта. Так загадвае ёй сэрца. І Анёл вядзе яе да Валі. Жанчыне цяжка ісці, яе крокі гулкім рэхам раздаюцца па калідоры, яна часта спыняецца і цяжка дыхае. Увайшоўшы ў пакой, яна бачыць худзенькую дзевяцігадовую дзяўчынку з бледным завостраным тварыкам і зблытанымі валасамі. Жанчына моцна сціскае маленькую, слабую ручку Валі. А Анёл ведае, што цяпер у іх абедзвюх усё будзе добра.
Стэфанія КУХТА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



