Кветкі могуць выклікаць у чалавека розныя пачуцці. Яны з'яўляюцца выдатным падарункам і спосабам выказаць падтрымку блізкаму. Таксама кветкі здольныя паляпшаць канцэнтрацыю і павялічваць узровень увагі ў працоўным асяроддзі.
Іх колер уплывае на нервовую сістэму. Швейцарскі псіхолаг Макс Люшэр даказаў, што чырвоны, аранжавы, жоўты і ружовы стымулююць энергію і бадзёрасць, а блакітны, сіні і фіялетавы супакойваюць і паслабляюць.
А якую ролю кветкі адыгрываюць у літаратуры? Што яны жадаюць нам сказаць? Напрыклад, Максім Багдановіч у вершы «Слуцкія ткачыхі» ўзгадвае «цвяток Радзімы васілька». Таму васілёк у гэтым творы — сімвал Бацькаўшчыны, чагосьці добрага і надзейнага. У вершы «На чужыне» паэт ласкава называе кветку «мой дружа» і між іншымі кветкамі выбірае менавіта яе, каб паказаць сваю адданасць роднай Беларусі:
«Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу — мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк»
А вось у рамане Ніла Гілевіча «Родныя дзеці» прыгажуны-васількі сталі сімвалічным «выклікам лёсу» для Сцяпана Вячоркі і Альжбеты Кудзёлкі. Спачатку кветкі нагадваюць пра шчаслівае мінулае: «Душу ўздымалі над зямлёй», але з цягам часу яны ўспрымаюцца «як прысуд». І калі героі ўжо назапасілі дастаткова мудрасці і досведу, каб прааналізаваць мінулае і зразумець свае памылкі, гэтыя кветкі-васількі сталі «сінець», як сімвал страчанага кахання.
У вершаваных творах Максіма Багдановіча і Ніла Гілевіча мы бачым супрацьпастаўленне васілька як чагосьці добрага і надзейнага з горкім і крыўдным.

Верш Міхася Курылы «Без цябе бэз цвіце» паказвае бэз як лёгкасць, вясну, першае і моцнае каханне. Нягледзячы на тое, што бэз — сімвал перамогі, для паэта кветка сімвалізуе любоўны пачатак:
«Халоднай гронкай бэзу
Пад гукі паланэзу,
Сагрэў душу мне погляд
Задумлівых вачэй…»
«…Я зноў стаю ля вокан.
І пахне бэз навокал.
І водар кружыць голаў…»
Дзякуючы гэтай мастацкай дэталі, мы быццам адчуваем разам з Міхасём Курылам радаснае чаканне сустрэчы, знаёмае кожнаму хваляванне, якое прыходзіць, калі глядзім у вочы каханым. Нават пах бэзу перад носам прамчаўся!
Паэт Уладзімір Дубоўка ў сваім вершы ўзгадвае шыпшыну — сімвал прыгажосці, маладосці і любові. Ён надае гэтыя якасці сваёй роднай краіне. Такім чынам кажа, што яна стойкая і «ў вeтpы дзiкiм нe зaгiнe, Чapнoбылeм нe зapacцe». «Зялёны лicт» і «чыpвoны цвeт» аўтар асацыіруе з колерамі сцяга Беларусі, лясамі і дабрабытным жыццём. Шыпшына тут з’яўляецца адзнакай патрыятызму.
«Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна...
У Вашым голасе квітнеюць астры,
I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней»
Так піша паэт Леанід Дранько-Майсюк. Згадзіцеся, што гэта прыгожа? Аднак за вонкавай прыгажосцю схаваўся сакрэт: астры — сімвал суму, горычы, душэўнага неспакою. Здаецца, што лірычны герой лічыць сябе нявартым быць побач з дзяўчынай, кветкі якой нібы цвітуць для ўсіх слухачоў. Таму ён асацыіруе сваё каханне з «пустой канцэртнай асакой».
Думаю, вы згодныя з тым, што сапраўды «адчуць» кветку і надаць ёй цікавы сімвалічны вобраз можа і жанчына.
Яўгенія Янішчыц прысвяціла верш...
Працяг чытайце на старонках часопіса "Бярозка" №6
Наталля ГОЛУБЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



