Не тры радкі… пра Элізу Ажэшка

Рубрыка: Асоба

Невялічкая біяграфія ў інтэрнэце — гэта ўсё, што мы ведаем пра вялікіх? У «Бярозцы» калісьці была рубрыка «Не тры радкі», якая з іншага боку адкрывала чытачам цікавых аўтараў. Ці можна звесці жыццё пісьменніка да месца нараджэння, яго альма-матар і даты смерці? Дакладна не! Вось і Эліза Ажэшка — не проста стваральніца «Нізін» і «Хама», а ключавая фігура літаратурнага рэалізму, чый творчы манумент выйшаў далёка за межы «жаночай прозы» свайго часу. Чаму яе спадчына вартая прачытання? Адказ — у дэталях, якія зазвычай застаюцца за межамі вікіпедыйных радкоў.

А вы ведалі, што пісьменніца…

… пісала сачыненні за сябровак?

Яшчэ ў пансіёне Эліза пачала праяўляць літаратурны талент. Чытала ўсё запар: і хатняе, і рэкамендаванае, і пазанавучальнае. Пісаць дамашнія заданні на тэмы, якія прапаноўваў ім настаўнік, вельмі любіла. Аўтарка магла пісаць па некалькі тэкстаў за раз для сябе і сваіх сябровак. «Гэта ішло да таго часу, пакуль уважлівы педагог не навучыўся адразу пазнаваць яе стыль і ход думак у сачыненнях сваіх нядбайных выхаванак», — падкрэслівае Валянціна Гапава ў сваёй кнізе «Эліза Ажэшка: жыццё і творчасць».

… мела даволі дзіўную гісторыю са шлюбам?

У 16 гадоў Эліза Ажэшка (тады яшчэ Паўлоўская) выйшла замуж за Пятра Ажэшку, які быў старэйшы за яе больш чым удвая. У сваіх мемуарах яна прызнавалася: «Я згадзілася б выйсці замуж за дрэва» — і выбрала яго амаль што наўздагад. Растлумачыць гэты ўчынак можна тым, што яна хацела як мага хутчэй збегчы з бацькоўскай хаты. Але шлюб быў нешчаслівым: пісьменніца не кахала Пятра, ды і ўвогуле ў іх не было паразумення. Мужчына не падтрымліваў захаплення вёскай, супольных тэм для размовы амаль не было. Пасля таго, як мужа саслалі ў Сібір, Эліза адмовілася ехаць за ім, а ўжо праз два гады пасля яго амністыі ініцыявала развод.

… усім сэрцам любіла беларускую тэматыку?

Яе раман «Над Нёманам» і аповесці «Нізіны», «Дзюрдзі» ды «Хам» — гэта не проста гісторыі пра жыццё людзей, а жывыя партрэты беларускай вёскі XIX стагоддзя, дзе падзеі адбываюцца ў рэальных гродзенскіх вёсках (Грынкі, Сухая Даліна і інш.), а героі — тыя самыя сяляне, якіх яна бачыла на ўласныя вочы, з іх цяжкім лёсам, мудрасцю і непахіснай сілай духу, што робіць яе творы блізкімі і зразумелымі для беларускага чытача.

… у нейкі час тварыла дзеля барацьбы за жыццё?

Пасля разводу і страты маёнткаў Ажэшка апынулася без сродкаў існавання. Яе першае апавяданне «Малюнак з галодных гадоў» (1866) з’явілася, магчыма, дзякуючы гэтаму цяжкаму перыяду. Пазней яна прызнавалася, што пісала не толькі праз творчую патрэбу, але і каб зарабіць на хлеб.

… развіла тэму фемінізму ў славянскай прасторы?

Ажэшка была адной з першых у тагачаснай літаратурнай суполцы, хто адкрыта казаў пра жаночую эмансіпацыю. Яе артыкул «Некалькі слоў аб жанчынах» (1870) і раман «Марта» (1873) раскрываюць цяжкі лёс жанчын, якія спрабуюць знайсці працу і незалежнасць у свеце, дзе іх лічылі толькі жонкамі і маці.

… была двойчы намінанткай узнагароды Нобеля?

У 1905 і 1909 гадах Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію па літаратуры — але так і не атрымала яе. Затое ў 1906 годзе яна стала лаўрэаткай прэміі імя Ф. Кохмана за ўнёсак у літаратуру.

… была «Каралевай жывога слова»?

Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №8

Гання БЕЛАЯ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА