Рубрыка: Пра тэатр
Калі ў тваім горадзе няма тэатра, але ёсць любоў да сцэны і мастацтва — не расчароўвайся! На дапамогу прыйдуць відэазапісы спектакляў. Ты зможаш пабачыць знакамітыя пастаноўкі, адкрыць для сябе новых рэжысёраў, акцёраў і захапіцца мастацтвам. Канешне, ёсць і іншы погляд на гэты фармат: крытыкі называюць яго «кансервай тэатра». Яны пішуць, што экран няздольны перадаць энергетыку, якая ўзнікае паміж акцёрам і гледачом. Аднак, калі няма магчымасці трапіць у залу, то чаму б не? Магчыма, гэта неідэальны варыянт, але часам — адзіны.
Відэазапісы — сапраўдны падарунак для тых, хто пакутуе без жывога тэатра. Яны адчыняюць дзверы ў свет вялікага мастацтва, дазваляюць засяродзіцца на кожным руху акцёра, пачуць тонкія інтанацыі голасу, разгледзець дэталі касцюмаў і дэкарацый, якія часта застаюцца незаўважанымі. Можна пабачыць спектаклі Вялікага тэатра ў Маскве, Маскоўскага мастацкага тэатра імя А.П. Чэхава, нават Брадвея, адкрыць для сябе сучасныя эксперыменты або класіку ў выкананні легенд. А самае прыемнае, што магчымасць вучыцца, параўноўваць, знаходзіць новыя ўражанні мае сімвалічную плату альбо ўвогуле бескаштоўная.
Тым не менш, тэатр — гэта заўсёды дыялог, энергетычны абмен, калі кожны смех, кожны ўздых, кожная мікрапаўза ў дыялогу ствараюць неперадавальную атмасферу сумеснага перажывання. На экране такая магія знікае, як знікае пах свежаспечанага хлеба, калі проста паглядзець на яго фотаздымак.
Адзін з самых знакамітых варыянтаў відэафіксацыі — «Тэлеканал ТЭАТР», які ёсць і на YouTube. Яго фірмовы фармат — інтэрв’ю на фоне спектакля з рэжысёрамі і акцёрамі, знятыя пасярод дэкарацый падчас антракту ці адразу пасля паклону. Кожны выпуск нагадвае своеасаблівы майстар-клас ад саміх стваральнікаў тэатральнай магіі. Рэжысёры, як архітэктары сцэнічнай рэчаіснасці, распавядаюць пра сваё бачанне, раскрываючы логіку кожнага сцэнічнага рашэння. Акцёры ж дзеляцца асабістымі адкрыццямі, якія нараджаюцца ў момант паглыблення ў свае ролі. Такі падыход робіць тэатральнае мастацтва больш даступным і зразумелым, руйнуе бар’еры паміж сцэнай і гледачом. Ён дазваляе захаваць няўлоўныя іскры жывога тэатральнага досведу, якія звычайна знікаюць пры традыцыйнай відэафіксацыі спектакляў.
Асабліва каштоўна, што такі фармат дае доступ да прэм’ерных і фестывальных спектакляў, якія не заўсёды можна пабачыць ужывую. Напрыклад, інтэрв'ю з акторамі Вахтангаўскага тэатра або Тэатра імя Моссавета дазваляюць зазірнуць у творчую лабараторыю сучасных майстроў сцэны, накшталт Юрыя Бутусава ці Рымаса Тумінаса. Гэта своеасаблівы бэкстэйдж тэатральнага мастацтва, дзе за кулісамі аказваюцца не тэхнічныя дэталі, а думкі і эмоцыі тых, хто стварае сапраўдны тэатр.
Яшчэ адзін тэлеканал, які цалкам прадстаўлены на YouTube, — «Культура». Гэта сапраўдная скарбніца тэатральнай спадчыны, дзе захаваліся не толькі сучасныя расійскія пастаноўкі, але і класічныя спектаклі савецкай эпохі. Тут можна паглядзець тэлевізійныя версіі спектакляў вялікіх майстроў: ад Таірава і Меерхольда да Яфрэмава і Любімава, спецыяльна адаптаваныя для экраннага паказу. Гэта не «сырыя» запісы, а прафесійна знятыя тэлеспектаклі, дзе аператарская праца дапамагае перадаць усе адценні ігры акцёраў, а мантаж падкрэслівае драматургічную структуру. Кожны запіс на «Культуры» — своеасаблівы мастацкі твор, які дазваляе нам адчуць атмасферу тых часоў.
На партале culture.ru сабраны не толькі музейныя рэліквіі тэатральнага мастацтва, а і самыя свежыя пульсацыі сцэнічнага жыцця. Тут знаходзяцца відэазапісы прэм’ерных пастановак, уключаючы дыпломныя спектаклі студэнтаў вядомых тэатральных ВНУ: ад Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва (На рускай мове ГИТИС) да Шчэпкі. Гэта не проста архіў, а жывы працэс дакументавання тэатральнай сучаснасці, дзе кожны спектакль, ад маладых эксперыментатараў да прызнаных майстроў, знаходзіць сваё лічбавае адлюстраванне. Якасныя запісы дазваляюць захаваць не толькі сухія факты ў крытычных артыкулах, але і сам дух спектакляў, іх пластыку, інтанацыі, сцэнічныя рашэнні. Калі хочацца паглядзець тое, што сёння ідзе на сцэне іншых краін — гэта найлепшы варыянт.
Акрамя стандартных пошукавых запытаў, дзе можна знайсці запісы спектакляў па прозвішчах рэжысёраў (паспрабуйце ўвесці імёны накшталт Робера Лепэжа, Томаса Остэрмаера або Крысціяны Люпы), варта звярнуць увагу на...
Працяг чытайце ў часопісе "Бярозка" №8
Ягор ЯРМОЛЕНКА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



