Рубрыка: Level-80
Something beautiful is going to happen.
Ці можа адзін чалавек перамагчы рэальнасць? Ці можа раман-правал стаць найлепшай гульнёй дзесяцігоддзя? Мiнулы год вярнуў мяне ў Марцiнэз, каб сказаць: мастацтва нараджаецца не з поспеху, а з руін.
Маё знаёмства з Disco Elysium было доўгім, як вейсалгiя Гары Дзюбуа. У 2022 годзе, на выхадзе Final Cut, гульня падалася мне занадта грувасткай. «Чарговая інтэрактыўная кніга», — падумаў я тады, кінуўшы позірк на The Life and Suffering of Sir Brante. Чатыры гадзіны: прыгожы візуал і цiкавы тэкст, але чагосьці не хапала.
Мiнула тры гады. Я вярнуўся ў абдымкі Рэвашольера і не змог супраціўляцца. Восем дзён праляцелі вокамгненна. Гісторыя, сусвет, бясконцая перапалка абаяльных навыкаў у галаве галоўнага героя сталі роднымі. Чаму гэты шэдэўр, які павінен быў стаць эталонам для ўсёй індýстрыі яшчэ ў 2019, па-сапраўднаму адкрыўся мне толькі цяпер?.. Што я ведаю дакладна: Disco Elysium не гульня. Гэта цуд, што нарадзіўся з самай вялікай чалавечай трагедыі — страты сэнсу.
Папяровы воўк
Каб зразумець Элiзiум, трэба зразумець Роберта Курвіца, яго галоўнага аўтара. Ён класічная «няздзейсненая рок-зорка». У мiнулым быў вакалістам гуртá Ultramelanhool і пісьменнікам, што пацярпеў крах.
Пяць гадоў ён пісаў раман «Святы і страшны водар» (Püha ja õudne lõhn). У сутнасцi, велізарная праца, скіраваная на перанос свайго настольнага Элiзiума на кнiжны аркуш. У 2013 годзе твор выйшаў усяго тысячай асобнікаў. Прадалося яшчэ менш. Астатняе зжор «папяровы воўк» (эст. paberihunt), або папросту шрэдар.
— Яна ж была на эстонскай. Не разумею, як я чакаў прадаць шмат копій. Лiчыў, што павінен адбыцца нейкі цуд, — асэнсоўвае свой «правал» Роберт.
Уявіце такi момант: справа ўсяго вашага жыцця робiцца смеццем... Курвіц упусцiў Аль-Гуля ў сваё жыццё i патануў у дэпрэсіі. Рашэнне зрабіць відэагульню было, паводле самога Роберта, «самым дэкадэнцкім учынкам у жыцці». Спроба ўстаць з каленяў, калi сіл няма нават падняць галаву.
Савецкi Толкiн
Лёс, як спрактыкаваны ДМ, звёў разам унікальных людзей. Ужо знаёмы нам Курвіц, мастак Аляксандр Растоў, пісьменніца Хелен Хіндперэ і ідэолаг Марцін Луйга — утварылася кампанiя ZA/UM. Яны не былі прафесійнымі распрацоўшчыкамі — хутчэй, бандай творчых хуліганаў, якія занялі сквот у Старым горадзе Таліна.
Іх офіс быў лабірынтам з дзіркамі ў сценах, дзе зімой тэмпература апускалася да -18. Грэліся ля прамысловай газавай гарэлкі, якая аднойчы ледзь не спаліла ўвесь кісларод у пакоі. Атмасфера галечы і сфармавала гульню. Чаму ў Disco Elysium няма баявой сістэмы? Бо у ZA/UM было ўсяго два праграмісты.
— Да мяне падыходзіць Вельё [Хагу]: «Выдатна, што мы атрымалі грошы, вялікае дасягненне, Роберт. Але гэтая каманда не спраграмуе вам баявой сістэмы». I я такi: добра, замест пiсталета дамо гульцам словы.
Нарадзіўся ўнікальны жанр: не проста старая партыйная RPG, як Pillars of Eternity, на якую раўнялiся Курвiц i Сo. Глыбокая, вось ужо сапраўды, ралёўка, у аснове якой ляжыць фантастычны рэалізм. Або, як Роберт гэта назваў, «савецкі Толкін». Тут няма эльфаў, гномаў i г.д. Але ёсць iнтэрнацыяналiсты, мiлiтарысты, нiгiлiсты i камунiсты.
— На працягу XX стагоддзя ўзнiкала мноства «ізмаў», рухаў і мастакоў, што аб’ядноўвалiся ў групоўкі. Мы выраслі, ведаючы, што творчаму чалавеку мудра знайсцi сабе «банду» і разам з ёй здзяйсняць арт-хуліганствы супраць грамадства. Пост-савецкі панк навучыў нас рамантычнаму мысленню і бачыць прыгажосць у свеце, — дзелiцца ўплывам свайго мiнулага на стварэнне Элiзiума мастак Аляксандр Растоў.
Утварыўся сусвет, дзе геапалітыка і філасофія становяцца магіяй, дзе ідэі маюць фізічную вагу i могуць зжэрцi ўсё на сваiм шляху.
Сёстры Лунд
Жадаючы паглыбiцца ў лор далей, я прачытаў фанацкія пераклады — афiцыйна ён нават на англiйскай не выходзiў — «Святога і страшнага водару». Кнiга лепш за гульню паказвае дзеянне сапраўднага жаху гэтага сусвету.
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №1…
Сяргей СТАРЫЧОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



