Найлепшы літаратуразнаўца па выніках Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі-2025 — Аляксандр Бярозка — асоба, якую хочацца разгадаць. Пранікнуць у глыбіню. Адшукаць сцюдзёную грунтавýю ваду, якая задаволіць цікавасць і дапаможа знайсці адказы на пытанні. А іх — пытанняў — у мяне шмат.
Аляксандр Фёдаравіч у свой час адмовіўся ад футбола, абраў літаратуру, скончыў на выдатна філфак, у 30 гадоў абараніў кандыдацкую. Ды яшчэ на якую тэму? Самую шчымлівую — «Спавядальная проза ў еўрапейскай традыцыі: генезіс, эвалюцыя, сучасны стан». Адначасова пачаў выкладаць рускую літаратуру і даследаваць беларускую. Амаль 20 гадоў друкуецца ў аўтарытэтных выданнях. Яго імпэт сапраўды ўражвае. І вабіць.
Станаўленне
«Бярозка» — часопіс для падлеткаў. Якім падлеткам былі Вы, Аляксандр Фёдаравіч?
— Я нарадзіўся ў Лунінцы. Гэта невялікі гарадок і таму маё юнацтва было тыповым для большасці падлеткаў. Займаўся футболам у спартыўнай школе, шмат удзельнічалі ў спаборніцтвах. Гэты «вайб», як модна казаць, мяне цалкам задавальняў. Мяне, але не маю матулю (пасміхаецца). Да дарослага жыцця трэба ставіцца больш практычна, а прафесія «спартсмен» у пералік «сур’ёзных прафесій» не ўпісвалася. Футбол адышоў на другі план, а на першы выйшла школьная праграма, дзе я асабліва вылучаўся на занятках па літаратуры і гісторыі. Для залічэння на філфак не хапіла 1 бала і наступны крок быў «практычны» — паступіў у прафтэхвучылішча. Прафесія токара 5 разраду мяне вельмі прызямліла і заматывавала. Стаў больш адказна рыхтавацца да іспытаў ва ўніверсітэт. Гэты досвед не толькі загартаваў, але і паспрыяў выпрацоўцы сіндрому «выдатніка».
Што для Вас «слова» і чаму ў свой час усё ж такі вырашылі стаць выкладчыкам?
— Літаратура — гэта глыбіня. Праз аўтарскі твор пісьменнік перадае ўласныя назіранні, жыццёвы досвед, мудрасць. Сюжэты дапамагаюць рассунуць чáсавыя межы і вандраваць у іншай гістарычнай прасторы. Кожны мастацкі твор — індывідуальны, непаўторны, асаблівы. І кожны прачытаны тэкст у старэйшых класах на ўроках літаратуры рабіў мяне больш дарослым. Пасля першай сесіі з’явілася цікавасць да літаратуразнаўчых часопісаў, манаграфій, сур’ёзных даследаванняў. А пасля ўдзелу ў першай навуковай канферэнцыі адчуў прагу да выкладчыцкай дзейнасці. Атрымаў чырвоны дыплом, адразу паступіў у аспірантуру. Выбар рабіць лёгка, калі маеш уласнае меркаванне і прыслухоўваешся да сябе; калі сфарміраваўся як асоба. Шукай адказы ўнутры — і будзе табе шчасце. У тым ліку — і прафесійнае.
У выкладчыцкай дзейнасці не заўсёды бачны плён. Хто Ваш ідэал? Ці ёсць студэнты, якімі вы ганарыцеся і за будучыню якіх хвалюецеся?
— Каб не збочыць з абранага шляху, трэба знаходзіць унутраную матывацыю. Для мяне матыватарам з’яўляецца Іван Штэйнер. Гомельскаму ўніверсітэту пашчасціла мець такога арыгінальнага, глыбіннага, шматграннага Прафесара, які, дарэчы, нарадзіўся на Століншчыне, а заканчваў БДУ. Больш за 40 гадоў Іван Фёдаравіч удасканальвае гомельскую літаратуразнаўчую школу, адкрывае новыя імёны і ў кожнага свайго аспіранта верыць. Што вельмі важна.
Наконт студэнтаў. На парах я стаўлю перад сабой толькі адну задачу: перадаць уласныя веды. А далей ужо спрацоўвае ланцужок: зацікавіць, атрымаць высокую адзнаку на іспыце, падштурхнуць да даследчай дзейнасці, падаць заяўку ў аспірантуру, у ідэале, разам выкладаць на адной кафедры. У кожнай групе знаходзяцца дасціпныя студэнты, якія наведваюць кожную пару і радыя дадатковаму спісу літаратуры і заданню з зорачкай.
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №1…
Яніна КАРАЛЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



