Рубрыка: Меркаванне
Букет са зрэзаных кветак ці кветкі ў вазоне — які падарунак найлепшы? Хтосьці лічыць букеты абавязковым атрыбутам святочных дзён, хтосьці купляе новыя ледзь не кожны тыдзень для стварэння ўтульнасці дома, а іншыя ўспрымаюць зрэзаныя кветкі мёртвымі. Можна замяніць натуральныя кветкі на пластыкавыя, але будзем шчырымі: мала знойдзецца прыхільнікаў такой замены. І ўсё ж хочацца палашчыць вока нечым прыродным, зялёным, яркім, а часам і зрабіць добры падарунак аматарам раслін. Што рабіць у такой сітуацыі? Адказ просты: звярнуцца да пакаёвых кветак у стылёвых вазонах. Але як выбраць адпаведную расліну? Падказкі — у матэрыяле.
Яшчэ здаўна вядомыя розныя гаючыя і дапаможныя, а часам, наадварот, атрутныя, якасці раслін, таму важна ведаць, якую кветку дарыць можна, а якую — не трэба.
Самым простым і папулярным варыянтам з’яўляюцца сукуленты — расліны, што паходзяць з Афрыкі, а таму адрозніваюцца лёгкім доглядам. Яны любяць святло, але не патрабуюць частага паліву: сукуленты лепш недаліць, чым пераліць, бо праз сваё паходжанне яны прыстасаваліся да нізкай вільготнасці. Алоэ якраз з’яўляецца адным з прадстаўнікоў сукулентаў. Яму добра расці ў грунце з дадаткам пяску, у вазонах са спецыяльнымі адтулінамі. У яго доўгія сакавітыя мечападобныя лісты. Алоэ з’яўляецца добрым сродкам для загойвання ран, парэзаў ці апёкаў, а яшчэ лічыцца, што расліна абараняе ад сурокаў і прыносіць у дом шчасце, таму яна асабліва падыдзе тым, хто верыць у прыкметы і хацеў бы папоўніць сваю хатнюю аптэчку. Абавязкова трэба звярнуць увагу і на інтэр'ер, дзе будзе жыць пакаёвая расліна. Лепш за ўсё алоэ падыходзіць да мадэрну, лофту ці мінімалізму.
Яшчэ адным распаўсюджаным сукулентам, але ўжо больш яркім, з’яўляецца каланхоэ. Яго вытанчаныя кветкі бываюць самых розных колераў: ад белага да агністага. Важна памятаць, што простыя сонечныя прамяні могуць выклікаць апёкі на лістах расліны, таму лепш іх не пакідаць на падваконнях сонечнага боку дома, хоць святло ім сапраўдны патрэбна. Грунт і паліў для каланхоэ такі ж, як і для алоэ. Расліна звычайна надае бадзёрасці ды спрыяе прыліву сіл. Каланхоэ таксама падыходзіць да мінімалістычных стыляў і ў дадатак стане добрым упрыгожваннем на рабочае месца.
Больш вытанчаным і рамантычным падарункам стане азалія. Яе пышныя пяшчотныя кветкі, часцей ружовых адценняў, нагадваюць невялікія аблачынкі. Гэта кветка патрабуе прахалоды і рэгулярнага паліву. Вельмі важна, каб глеба не была сухой і ў ёй не застойвалася вада. Таксама азалія любіць кіслую глебу і яркае святло, але ні ў якім выпадку не трэба ставіць яе пад сонечныя прамяні. Вельмі важнай працэдурай для кветкі з'яўляецца абрэзка: яе трэба праводзіць пасля цвіцення, прыбіраючы старыя і слабыя галінкі. Падчас цвіцення яна ачышчае паветра. Азалія — гэта сімвал пяшчоты, вернасці і жаноцкасці. Яна падыдзе рамантычным і творчым асобам. Але трэба быць асцярожнымі з гэтай кветкай: лепш не дарыць яе людзям з хатнімі жывёламі, бо яе лісты могуць быць для іх шкоднымі.
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №2…
Вікторыя СОН
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



