Шматграннасць Кандрата Крапівы як прадстаўніка беларускага культурнага кода

Рубрыка: Бел-літ


Калі б спатрэбілася абраць адно слова, якое б найлепш пасавала асобе Кандрата Крапівы,  я б абрала «супярэчлівасць». Не тая, што раздзірае, а тая, што стварае новую якасць. Ён быў майстрам дыпламатыі і дасціпным сатырыкам, сур’ёзным акадэмікам-мовазнаўцам і аўтарам рэзанансных п’ес, вайскоўцам ды журналістам. Не проста набор роляў, а ключ да разумення беларускага характару. Шматграннасць Крапівы не выключэнне, а правіла. Гэта наш нацыянальны код выжывання і поспеху, створаны на памежжы культур, гістарычных выклікаў і непазбежнай іроніі.

Яго праца над акадэмічнымі слоўнікамі, даследаванні мовы — пэўны тып сістэматызацыі свету, імкненне да парадку і захавання лексічнага багацця. Праца дыпламатам і дэпутатам дэманстравалі яго ўменне знаходзіць кампрамісы, прэзентаваць краіну на сусветнай арэне, прымаючы лёсавызначальныя рашэнні. Стратэгія, гнуткасць, пэўная маска. А што да яго літаратурнай дзейнасці? Сатыра, камедыі, байкі, фельетоны, вершы… Гэта здольнасць да самарэфлéксіі, крытычнага мыслення, лячэння смехам. Уменне пабачыць недарэчнасць жыцця, паказаць сур’ёзнае праз жарт.

А ці заўважылі вы ў пададзеным вышэй пераліку падзей жыцця Кандрата Крапівы супярэчнасці ў ваеннай службе? Два эпізоды — яскравы прыклад беларускай гнуткасці і псіхалагічнай вытрымкі. Пісьменнік прайшоў праз дзве розныя арміі, дзве супрацьлеглыя ідэалогіі, захаваўшы асобу і ператварыўшы складаны досвед у крыніцу творчасці. Ён не проста служыў — ён назіраў, аналізаваў, ператвараў у слова, што і ёсць сутнасцю яго (і, магчыма, нашай) шматграннасці.

Кардынальная змена яго месца службы — відавочны вынік, які можна было чакаць ад зацікаўленага ў лёсе сваёй краіны грамадзяніна. Удзел на баку Чырвонай арміі ў польска-савецкай вайне адлюстроўвае неабыякавасць Кандрата Кандратавіча да сваіх землякоў і бацькаўшчыны. Нягледзячы на пагрозу, Крапіва-юнак добраахвотна становіцца на абарону нашай краіны разам з 50 тысячамі беларусаў.

Аднак мала проста казаць пра нашчадкаў і спадчыну. Мы павінны працягваць, захоўваць, паляпшаць: мову, традыцыі, гісторыю, светапогляд і светаўспрыманне, характар і выхаванне — тую спадчыну, якая завецца культурным кодам нацыі.

Яшчэ адзін эпізод, на маю думку, ключавы для разумення Кандрата Крапівы як фігуры, што выжыла ў экстрэмальных умовах. Яго шматграннасць была не толькі творчай, але і стратэгічнай. Пасля ашаламляльнага поспеху камедыі «Хто смяецца апошнім» на яго абрынуўся шквал крытыкі з боку партыйных дзеячаў. Сатырык апынуўся літаральна на мяжы выжывання. І выкарыстаў усё: і дыпламатычны такт, калі выступіў паказальна, але не абразліва для сябе, і разуменне, што адкрыты супраціў сёння — пагібель, і нават знешнепалітычны кантэкст. Ён не стаў героем-паўстанцам, але не стаў і зламаным служкам. Выжыў, каб працягваць смяяцца апошнім — праз гады, вайну, новыя п’есы і байкі.

Перачытваю творы Кандрата Крапівы, што былі напісаны больш за паўстагоддзя таму, заўважаю, што ідэі не згубілі сваёй актуальнасці да цяперашняга часу, а ў героях драматурга і баечніка пазнаю сябе, сваіх сваякоў і знаёмых.

Давайце правядзём пэўныя паралелі:

З беларускай гісторыяй і менталітэтам — гэта нязменныя гістарычныя выклікі, бо беларусы стагоддзямі жылі на скрыжаванні сцежак «усход-захад», пад рознымі ўладамі, якія дзялілі нашу зямлю, далучалі да сваіх тэрыторый. Каб выжыць і не зламацца, трэба было быць гнуткім; прыстасоўвацца, але не змяняць сутнасці;

З мовай і ідэнтычнасцю, бо наша мова — гэта адбітак гісторыі і культуры, характару і светапогляду. Мова была аб’ектам навуковага вывучэння (як у Крапівы-навукоўца) і жывым, іранічным інструментам (як у Крапівы-сатырыка);

З «падвойнасцю» як нормай, бо  амаль кожны беларус часта быў селянінам і інтэлектуалам, ваяром і міратворцам, кансерватарам і наватарам адначасова. Кандрат Крапіва паказаў нам, што гэтыя «ролі» не выключаюць адна адну, а ўзмацняюць;  Надзея ПОКЛАД

…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №2…

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА