Абласная газета «Мінская праўда» заснавана 1 лістапада 1950 года пастановай Бюро ЦК КПБ як орган Мінскага абкама і гаркама КПБ, абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных. Да гэтага найбуйнейшы рэгіён рэспублікі не меў свайго друкаванага органа, функцыі яго выконвала газета «Звязда». Спачатку «Мінская праўда» выходзіла на беларускай мове. Згодна са зваротам «Да нашых чытачоў», галоўнай мэтай газеты было «мабілізаваць мінчан на выкананне вялікіх задач камуністычнага будаўніцтва». Перадавы артыкул першага нумара «Мінскай праўды» меў загаловак «Наперад, да новых перамог камунізма».
Крыніца фота: mlyn.by
Першымі рубрыкамі газеты былі: «Па нашай Савецкай Радзіме», «На сустрэчу 33-й гадавіне Вялікага Кастрычніка», «У дапамогу тым, хто вывучае марксізм-ленінізм», «Лісты ў рэдакцыю», «Кніжная паліца», «Тэатр», «Фізкультура і спорт». У першы год у рэдакцыю газеты прыйшло каля 5 тысяч лістоў ад чытачоў.
У сярэдзіне 1960-х гадоў рэдакцыя рыхтавала вячэрні выпуск «Мінскай праўды» для сталічных чытачоў. На базе яго была створана ў 1967 годзе гарадская газета «Вячэрні Мінск». У лістападзе 1970 года, да 20-годдзя газеты, «Мінская праўда» была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. На пачатак 1970-х гадоў газета выходзіла 5 разоў на тыдзень і мела наклад 44 тысячы асобнікаў. У той час у ліку рубрык газеты былі: «Партыйная жыццё», «У школах камуністычнай працы», «Як вас абслугоўваюць», «Так служаць нашы землякі», «Новыя кнігі», «Парады эканаміста», «Пасля выступлення 482 Ж урналістыка-2019
“Мінскай праўды”», «За мяжой» і іншыя. Штогод рэдакцыя атрымлівала больш за 15 тысяч лістоў. У 1977 годзе стала ўдзельніцай ВДНГ СССР у Маскве. Двойчы ўзнагароджвалася Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. З 1990 года «Мінская праўда» выдаецца на беларускай і рускай мовах. Да 50-годдзя абласной газеце ўручана Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2005-м была названая лаўрэатам I Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ў намінацыі «Лепшая абласная газета» і ўзнагароджана знакам «Залатая літара». У 2011 годзе атрымала гран-пры гэтага конкурсу.
У ліку аўтараў газеты быў Пётр Міронавіч Машэраў, у газеце працавалі В. Г. Шыловіч, В. Г. Радкевіч.
На сёння «Мінская праўда» выходзіць 2 разы на тыдзень – па аўторках і пятніцах. Яна выдаецца на 20 старонках у каляровым фармаце і мае наклад 27130 асобнікаў. Заснавальнікі газеты – Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Мінскі абласны савет дэпутатаў, Мінскае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Рэдакцыя газеты “Мінская праўда”». Дырэктар – галоўны рэдактар Максім Мікалаевіч Кароткін.
Уважліва прааналізаваўшы матэрыялы газеты зы апошнія 2-3 гады, можна выявіць асноўныя рубрыкі, якія вызначаюць яе змест. Гэта: палітыка, эканоміка і фінансы, грамадства, культура, спорт, здарэнні, здароўе, навіны газеты, адукацыя, турызм і адпачынак, цікавыя людзі, актуальныя пытанні, закон і парадак, армія, сельская гаспадарка, наша марка, памяць, гарачы тэлефон, салдаты Перамогі, сустрэчы, прамая лінія і некаторыя іншыя.
У пачатку 2019а года адзін з нумароў «Мінскай праўды» выйшаў 25 студзеня. У ім з’явілася новая рубрыка «МП плюс». І хоць яна задумана як рэкламны дадатак на 12 старонках да асноўнага нумара, але працягвае, як правіла, у розных аспектах раскрываць традыцыйныя тэмы газеты. Так, у згаданым нумары ўласна рэкламе адведзена толькі апошняя старонка дадатку. Перагорнем старонкі цэнтральнай газеты Мінскай вобласці за 25 студзеня 2019 года і падрабязней пазнаёмімся з яе тэматыкай. Адзначым толькі, што выданне ў асноўным рускамоўнае, бо з трыццаці дзвюх яго старонак набярэцца толькі пяць беларускамоўных. Таму загалоўкі артыкулаў будзем падаваць у арыгінале, а каментар да іх – на роднай мове.
Першая старонка газеты ў выглядзе кідкіх загалоўкаў і невялікіх анатацый знаёміць чытача з асноўнымі, найбольш актуальнымі і цікавымі, публікацыямі нумара. Другая старонка пад рубрыкай «Галоўнае» ўтрымлівае два артыкулы. Назва першага з іх з’яўляецца цытатай з выказвання Прэзідэнта Беларусі «Поддерживая Беларусь, Россия поддерживает прежде всего себя». У гэтым артыкуле размова ідзе пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Новасібірскай вобласці. Другі артыкул «Устойчивости результат» апавядае пра стратэгію ўстойлівага развіцця нашай краіны, выкладзеную прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам. На трэцяй старонцы пад рубрыкай «Цэнтральны рэгіён» змешчаны артыкулы «Вопрос «жильём» и «Что глаза колет?». Першы з іх прысвечаны асабістаму прыёму грамадзян старшынёй Мінскага аблвыканкама, другі – экалогіі Міншчыны. Чацвёртая старонка з назвай рубрыкі « Грамадства» змяшчае тры артыкулы: «Дзень газеты ў Слуцку», «Музыка нас з’яднала», «Борьба с преступностью – дело общее». Першы артыкул – пра дзень «Мінскай праўды» ў Слуцку, другі – пра свята музыкі ў Заслаўі, трэці – пра пасяджэнне калегіі УУС Мінскага аблвыканкама. Пятую старонку з рубрыкай «Усе мы з хат» займае адзін артыкул – «Вёска з водарам хлеба», у якім расказваецца пра выпечку свайго хлеба паводле старадаўніх рэцэптаў у вёсцы Жораўка на Любаншчыне. Нельга не спыніцца ў некалькіх словах на гэтым творчым артыкуле Галіны Наркевіч. Варта хаця б прывесці падзагалоўкі з матэрыялу: «Як папрацуеш – так і з’ясі!»; «Адзін дух, дый толькі»; «Штодзённы, святочны, вясельны». А яшчэ гэты артыкул напісаны выключнай беларускай мовай. На шостай старонцы пад рубрыкай «На кантролі» таксама адзін артыкул – «В заложниках у имущества». У ім аналізуецца неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнага жыллёвага фонду ў Мінскай вобласці. Сёмая старонка з рубрыкай «Прафесія знутры» прысвечана мастацтву, дзе ў артыкуле «Мир искусства на пуантах» балерына Людміла Уланцава расказвае пра сваё жыццё і асаблівасці абранай прафесіі. Артыкул «Земное притяжение» пад рубрыкай «Ракурс» на восьмай старонцы расказвае пра фермера Івана Рудовіча, які 11 гадоў пражыў у Мінску, а потым вярнуўся ў вёску. «Судьбу вышили золотом» – такую назву мае артыкул на старонцы 9 з рубрыкай «Землякі». У ім апавядаецца пра жыццёвы шлях сям’і Цвірко з вёскі Залужжа Стаўбцоўскага раёна. Дзясятая старонка пачынае рубрыку «Наш край» артыкулам «Горад на ўзгорках», у якім даецца панарамнае разнапланавае апісанне горада Лагойска. Гэтая ж рубрыка затым працягваецца на старонках 1–9 дадатку «МП плюс». У артыкулах дадатку: «Ваш комфорт в надёжных руках», «Европейские инновации для здоровья нации», «Хороших результатов много не бывает», «Удойная сила», «Земля как тарелка – что положишь, то и возьмешь», «От прочного фундамента к вершине успеха», «Знаем, как привлечь покупателя», «С «Надеждой» круглый год!» – расказваецца пра асобныя прадпрыемствы і ўстановы сучаснай Лагойшчыны. Старонкі 10–11 дадатку прысвечаны медыцыне. 12 старонка дадатку і 11 старонка асноўнага нумара – рэкламныя матэрыялы. У рубрыцы «Смачная карта Міншчыны» распачынаецца праект пад назвай «Пастарацца, каб смаку не абабрацца», дзе падаюцца розныя кулінарныя рэцэпты. Ён змешчаны на 12 старонцы асноўнага нумара. Наступная старонка мае агульны загаловак «Садовы фармат» і прызначана для садаводаў і агароднікаў, а 14 старонка пад рубрыкай «Алімп» расказвае пра спартыўныя падзеі. Рубрыка «ТБ на канапе» на старонках 15–18 газеты – інфармацыйны даведнік праграм тэлебачання на тыдзень. На старонцы 19 пад рубрыкай «Калейдаскоп» падаецца інфармацыя рознага кшталту, а на апошняй старонцы газеты пад агульным загалоўкам «З добрым настроем» – астрапрагноз, імяніны, цікавыя даты, народныя традыцыі, жарты і інш.
Цікавым будзе беглае параўнанне тэматыкі гэтага нумара газеты і яе загалоўкаў з адным з іншых нумароў. Возьмем № 62 «Мінскай праўды» за 16 жніўня 2019 года. Тэматыка таксама разнастайная: ад асвятлення дзейнасці Прэзідэнта нашай краіны – да матэрыялаў для сапраўдных гаспадынь. На жаль, у гэтым нумары можна сустрэць толькі адну беларускамоўную публікацыю «Яблычны час, альбо Прывітанне з маладосці» Марыны Сліж пра мастака Віктара Барабанцава. Назавем яшчэ некалькі цікавых, на наш погляд, загалоўкаў з гэтага нумара: «По правде сказать, или Над пропастью во лжи» пра выкарыстанне паліграфа; «Шляпка – волшебный предмет» пра архітэктара Любоў Нардштэйн, яе адзенне і галаўныя ўборы; «Сеньор-помидор и болгарский сладкий перец: наш салат – как светофор!» пра рэцэпты кансервавання і шматлікія іншыя. Наогул, моўнаму аналізу загалоўкаў газеты «Мінская праўда» мяркуецца прысвяціць асобны артыкул. Яны ў большасці сваёй цікавыя і арыгінальныя.
Такім чынам, прааналізаваўшы матэрыялы газеты «Мінская праўда», можна з упэўненасцю гаварыць пра рознабаковасць і цікавасць тэматыкі публікацый гэтага выдання, пра творчы падыход рэдакцыі да адлюстравання рэчаіснасці ў ім. Супрацоўнікі газеты імкнуцца не пакінуць па-за ўвагай ніводны значны момант у жыцці Мінскай вобласці, панарамна асвятляючы пры гэтым асноўныя падзеі ў рэспубліцы.
Пажаданні калектыву рэдакцыі «Мінскай праўды» ёсць, яны, на наш погляд, даволі сур’ёзныя і важкія. Па-першае, неабходна значна пашырыць колькасць беларускамоўных матэрыялаў газеты, надаць ёй нацыянальны каларыт. Па-другое, нягледзячы на высокую інфармаванасць сучаснага грамадства, усё ж такі не пашкодзіла б у газеце мець рубрыку міжнародных навін.
С. К. Берднік
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах 21-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Журналістыка-2019: стан, праблемы і перспектывы”