Мадэлi камунiкацыi на рэгiянальным тэлебачаннi

Найбуйнейшымі рэгіянальнымі тэлекампаніямі з’яўляюцца аблас­ныя тэлерадыёцэнтры «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Го­мель», якія ўваходзяць у структуру Белтэлерадыёкампаніі і рыхтуюць інфармацыйны кантэнт для адзінай платформы пад агульнай назвай «Бе­ларусь 4». Разам з тым кожная тэлерадыёкампанія – гэта інфармацыйнае поле толькі свайго рэгіёна, якое прадугледжвае стварэнне ўнікальных і своеасаблівых тэлепрадуктаў, разлічаных на мясцовага жыхара.

27.05.2020 9Тэлевізійныя праграмы прадугледжваюць пабудову розных мадэ­лей камунікацыі падчас тэлеэфіру. Так, мадэль «інфармавання» харак­тэрна пераважна для інфармацыйных, інфармацыйна-аналітычных ці інфармацыйна-забаўляльных тэлеперадач, дзе галоўным адрасантам выступае вядучы «інфарматар». Тэлетэкст уяўляе сабой маналагічную форму падачы інфармацыі, асноўная задача якога – данесці пэўнае паве­дамленне да гледача. Апошні пры гэтым з’яўляецца пасіўным суб’ектам камунікацыі і не прымае ўдзел у праграме.

Мадэль «інфармавання» прадугледжвае ўнутраную камунікацыю, падчас якой адбываецца размова паміж вядучым «інтэрв’юерам» і запро­шаным госцем. Больш складаная камунікацыя назіраецца ў мадэлі «ма­дэрыраванне», якая будуецца на агульным рэферэнце размовы і ўдзеле ў абмеркванні адразу некалькіх адрасантаў: экспертаў, «персанажаў з гісторыяй», іншых удзельнікаў. Вядучы пры гэтым з’яўляецца тэхнічным каардынатарам дыскусіі, а ў залежнасці ад канцэпцыі перадачы гледа­чы могуць прымаць удзел у камунікацыі і, такім чынам, уплываць на выніковасць размовы.

Мадэль «тэлеканферыравання» характэрна для канцэртаў, якія арганізаваны тэлеканаламі. З аднаго боку, у камунікацыі вядучы «кан­феранье» з’яўляецца стрыжнёвай персонай, якой даручана ад пачатку да канца трымаць аўдыторыю і накіроўваць у патрэбнае рэчышча праграму (адкрываць і завяршаць мерапрыемствы, прадстаўляць выступоўцаў), а з другога – ён выконвае пераважна ролю «абвяшчальніка», які робіць ка­роткае «прэв’ю» да наступнага канцэртнага выступлення, і «пасрэдніка», паколькі галоўная роля ў праграме адводзіцца выступоўцам.

Найбольш складаны камунікатыўны працэс назіраецца ў тэлевізійных шоу. Уступаць ва ўзаемадзеянне з вядучым «шоуменам» могуць аднача­сова і моўцы, і гульцы, і выступоўцы. Такія тэлепраекты часцей за ўсё прадугледжваюць інтэрактыўнасць з тэлеаўдыторыяй.

Нягледзячы на тое, што мадэль уяўляе сабой «ідэалізацыю рэальнага аб’екта», гэта, як слушна падкрэсліла І. Ухванава-Шмыгава, «адзіны спосаб адэкватнага мадэлявання складаных з’яў», якімі і з’яўляюцца тэлевізійныя праграмы. Мадэль у такім становішчы «вало­дае эўрыстычнай каштоўнасцю» – заключае даследчык, – тым не менш яе «слабасць – у аб’ектыўна зададзеным схематызме».

«Беларусь 4. Гомель». У сетцы вяшчання тэлеканала «Беларусь 4. Гомель» прадстаўлены ўсе мадэлі камунікацыі. Безумоўная перавага належыць інфармацыйнаму вяшчанню. Так, мадэль «інфармавання» прадстаўлена такімі праектамі, як «Дэ факта», «Зямля наша», «Эканом». На калегіі Міністэрства інфармацыі адзначылі, што «ўсе рэгіянальныя тэлекампаніі працуюць у цеснай узаемасувязі з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады, у тым ліку і па пытаннях стварэння актуальных для рэгіёнаў тэлепраграм». У выніку амаль кож­ны абласны тэлеканал стварае асабістае ток-шоу, якое б станавілася публічнай пляцоўкай для абмеркавання і вырашэння важных пытанняў горада і вобласці. На гомельскім тэлебачанні такой перадачай стала «Галоўная тэма», у якой можна пачуць меркаванні экспертаў, да пры­кладу, наконт архітэктуры і будаўніцтва горада, вынікаў вучэбнага года і перспектыў уступнай кампаніі, прынятых законаў і ўказаў краіны. Ма­дэль «інтэрв’юіравання» прадстаўлена пераважна ў фармаце дыялогаў вядучага з экспертамі («Дыялог», «Дыялог пра здароўе»). Праграма «Дыялог» прадугледжвае таксама інтэрактыўнасць з гледачамі: кожны жадаючы можа патэлефанаваць у студыю падчас прамога эфіру і за­даць хвалюючае пытанне госцю праграмы. На тэлеканале выходзіць і арыгінальнае шоу «Эрудыт» – камандная гульня для школьнікаў, падчас якой гульцы павінны вырашаць задачы і адказваць на пытанні.

«Беларусь 4. Магілёў». Не менш разнастайны па тэлекантэнце тэлека­нал «Беларусь 4. Магілёў». Суб’ект-аб’ектная падача інфармацыі, харак­тэрная для мадэлі «інфармавання», назіраецца ў такіх інфармацыйных і аналітычных перадачах, як «Навіны рэгіёна», «Днямі», «Спорт-М», забаўляльных праектах «Адкуль я ведаю», «#Хэштэг». Цікава адзначыць, што сетка вяшчання тэлеканала прадугледжвае шмат ток- шоу: «Прамая лінія», «Жаночая логіка», «Тое, што доктар прапісаў», удзельнікамі абмеркавання якіх становяцца запрошаныя госці – жыха­ры Магілёўшчыны. «Дазвольце расказаць» – адзіная інтэрв’ю-праграма, якая рэалізуе мадэль «інтэрв’юіраванне» на тэлеэкране, да тэлевізійнага шоу на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў» можна аднесці перадачу «IV квартал».

«Беларусь 4. Брэст». Кантэнт тэлеканала «Беларусь 4. Брэст» рэалізаваны наступнымі мадэлямі камунікацыі: «інфармаванне» («Зона бяспекі», «Галоўнае за тыдзень», «Асяроддзе пражывання»), «інтэрв’юіраванне» («Тэлепрыёмная ў прамым эфіры»), «мадэрыра­ванне» («Істотная размова», «У эфіры мы – моладзь»). Да прыкладу, праграмы «Істотная размова» і «Тэлепрыёмная ў прамым эфіры» вы­ходзяць у прамым эфіры і дазваляюць тэлегледачу патэлефанаваць і задаць актуальнае пытанне запрошанаму эксперту. Апошнім часам тэлерадыёкампанія не багата на спецпраекты, якія б прадугледжвалі складаную тэхнічную пастаноўку праграмы, наяўнасць масоўкі ў студыі і вялікай колькасці адрасантаў.

«Беларусь 4. Віцебск». Шмат інфармацыйных праграм прадстаўляе тэлеканал «Беларусь 4. Віцебск» – «Віцебскі веснік», «7 дзён», «Ма­лая Радзіма», «Мясцовы час», «На кантролі ўлады. Аб’ектыўна». Інтэрактыўная праграма «Прамая лінія з дэпутатамі» ўяўляе сабой ма­дэль «інтэрв’юіраванне», якая рэалізуе камунікацыю паміж дэпутатамі вобласці і тэлеаўдыторыяй. Тэлешоу «Вечаровы Віцебск» нагадвае гледачам папулярнае вечаровае шоу «Макаёнка 9», якое выходзіць на тэлеканале «Беларусь 1». Пры гэтым неабходна адзначыць, што на тэ­леканале адсутнічаюць ток-шоу, якія б прадугледжвалі маўленчы ўдзел некалькіх тэлекамунікатараў.

«Беларусь 4. Гродна». Тэлекантэнт на тэлеканале «Беларусь 4. Грод­на» прадугледжвае пераважна толькі інфармацыйную мадэль пабудо­вы камунікацыі на тэлеэкране. Так, выпускі перадач «Пульс», «У дэ­талях», «Пытанне здароўя», «Арт-Код», «Спорт-кур’ер», «Настаўнік», «Чамадан» прадугледжваюць у якасці галоўнага адрасанта вядучага «інфарматара» і аднабаковую сувязь з аўдыторыяй. Тэлепраект «Вокны горада» – адзінае вечаровае ток-шоу, у межах якога адбываецца дыскусія паміж экспертамі і вядучымі праграмы, цікавыя сустрэчы з дзеячамі мастацтва і выступоўцамі. Мадэль «інтэрв’юіраванне» і «шоустварэння», на жаль, на абласным тэлебачанні Гродзеншчыны не прадстаўлена.

Мінская вобласць на сёння не мае адпаведнай абласной тэлерадыёкампаніі, таму тэлевізійны кантэнт, арыентаваны на жыхароў Мінскай вобласці, прадугледжаны сеткамі вяшчання рэспубліканскіх тэлеканалаў. Так, на тэлеканале «СТБ» штодзень на беларускай мове выходзіць праграма «Міншчына», а «Навіны рэгіёна» – тэлепраект Белтэлерадыёкампаніі («Беларусь 1»). У выніку, гэтыя перадачы прадстаўлены выключна мадэллю «інфармавання», пры якой вядучы ў аднабаковым парадку падае інфармацыю для ўспрымання тэлегледачом.

Такім чынам, кожная абласная тэлекампанія прадстаўляе разнастай­ную палітру тэлевізійных праектаў, якія разлічаны на розную пабудову камунікацыі. Аднак у святле апошняй тэндэнцыі да суб’ект-суб’ектнага тыпу падачы тэлеінфармацыі і павышэння ўзроўню тэлепраглядаў перадач кожная мадэль камунікацыі павінна прадугледжваць узае­мадзеянне з гледачом. Вынікі даследавання сведчаць пра тое, што відовішчныя шоу, якія прадугледжваюць, як мінімум, удзел масоўкі, амаль не прадстаўлены на абласным тэлебачанні краіны. Даволі ча­ста ў сетцы вяшчання можна сустрэць мадэль «мадэрыраванне», якая прадугледжвае ўнутраную камунікацыю ў праграме і маўленчы ўдзел адразу некалькіх тэлекамунікатараў, якія з’яўляюцца «выхадцамі» з на­рода, і «інтэрв’юіраванне», дзе тэлеглядач можа стаць інтэрв’юерам і задаць пытанне запрошанаму ў студыі эксперту. Тым не менш най­больш ужывальнай мадэллю камунікацыі як на рэспубліканскіх, так і на рэгіянальных тэлеканалах з’яўляецца мадэль «інфармаванне», якая пра­дугледжвае, як правіла, аднаго суб’екта камунікацыі ў якасці галоўнага адрасанта – вядучага і ўяўяле сабой аднабаковую камунікацыю з гледа­чом, пазбаўленую адваротнай сувязі.

Л. Р. Хмель

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Iнфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Рэгіянальныя СМI Рэспублікі Беларусь у лічбавую эпоху: ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы».