Часопіс «Алеся» адзначыў 95-годдзе

Канцэрт, мастацкая выстаўка і нават паказ калекцыі традыцыйнага адзення з розных рэгіёнаў краіны адбыліся сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі. Тут урачыстай імпрэзай «Жанчыны трапяткі сусвет» адзначыў 95 гадоў з выхаду першага нумара адзін з найстарэйшых айчынных часопісаў — жаночы часопіс «Алеся». Былых і цяперашніх супрацоўнікаў, аўтараў і чытачоў выдання павіншаваў з прыгожай датай намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч, які зачытаў прывітальны адрас ад Кіраўніка нашай дзяржавы, а ў адказ атрымаў падарунак на дзень нараджэння, які адзначае якраз сёння — падпіску на «Алесю». Самыя цёплыя віншаванні калектыву рэдакцыі агучылі намеснік Міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. Падарункі і віншаванні ад калег атрымалі таксама былыя галоўныя рэдактары выдання — Марыя Карпенка, Раіса Баравікова, Тамара Бунта. А Нацыянальны мастацкі музей Беларусі спецыяльна да імпрэзы падрыхтаваў адмысловы мастацкі праект — выставу аднаго дня. У яе ўвайшлі 7 твораў (4 скульптуры і 3 карціны), якія прадставілі розныя вобразы беларускіх жанчын — не толькі муз і натхняльніц, але і ўдзельніц, аўтараў твораў мастацтва. «Часопіс быў, ёсць і будзе, і гэта галоўнае, — зазначыла напрыканцы вечара галоўны рэдактар „Алесі“ Ларыса Ракоўская, — будуць нашы чытачы і будзе нам шчасце».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Крыніца: Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь