«Адзін малюнак – гэта адзін гук, два-тры малюнкі – выяўленчы акорд, чатыры-пяць – ужо мелодыя», – так аднойчы зазначыў вядомы творца, член Саюза мастакоў Беларусі, мастак Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Алег Карповіч.
Крыніца фота: sb.by
Сапраўднай песняй для прыхільнікаў гумару і сатыры загучала яго выстава «Беларусы. Арт-пазітыў» два гады таму. На ёй было прадстаўлена каля 30 графічных работ, здольных прымусіць гледача найперш усміхнуцца, а потым, магчыма, неяк па-іншаму паглядзець на свет і …сябе.
Крыніца фота: Прэс-цэнтр Дома прэсы
Працуючы Алег Карповіч стварыў дзясяткі тысяч малюнкаў, якія друкаваліся, у тым ліку ў часопісе «Вожык». Сярод іх – карыкатуры, сяброўскія шаржы, плакаты, стылізаваныя партрэты вядомых палітычных і грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, артыстаў.
Класік беларускай літаратуры Якуб Колас і народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч – намаляваны ў час сяброўскай сустрэчы. Аўтар: Алег Карповіч. Фота:sb.by
У Дзень смеху, 1 красавiка, своеасаблівая выстаўка работ мастака адкрылася ў Мiнiстэрстве iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь: шаржы і карыкатуры Алега Карповіча ўпрыгожылі адзін з калідораў дзяржустановы.
Як адзначае Сяргей Шычко ў сваім артыкуле на партале zviazda.by, тэматычна работы аб'яднаны адным абсягам – мастак прысвяцiў зробленае калегам па газетнай, лiтаратурнай справе. На карыкатурах, шаржах – журналiсты «СБ. Беларусь сегодня», «Сельской газеты», iншых перыядычных выданняў. Знайшлося месца i класiкам – Якубу Коласу, Янку Купале, славутаму беларускаму першадрукару Францыску Скарыне.
А яшчэ ўсе, хто знаёмiцца з выстаўкай, адзначаюць не толькi падабенства з персанажамi, але i шматаблiчнасць, якую мастак прыкмецiў у вобразах Людмiлы Рублеўскай, Уладзiмiра Саламахi, iншых вядомых лiтаратараў краiны. Асобны шарж сабраў разам i ўсiх галоўных рэдактараў «Вожыка» – Кандрата Крапiву, Уладзiмiра Корбана, Юлiю Зарэцкую, Валянцiна Блакiта, Мiхася Пазнякова, Алеся Пiсьмянкова... Атрымалася сапраўдная песня ў гонар сатыры і гумару.