Вяршыні Алеся Карлюкевіча:  «Мне ў жыцці пашчасціла — я заўжды працую з кнігай»

«Бярозка» расце высока вось ужо 101 гадоў. Буяць і прыгажэць часопісу дапамагаюць не толькі супрацоўнікі. Ёсць аўтары, якія пачыналі творчы шлях  акурат з публікацый на нашых старонках. Сталелі, мацнелі, займалі высокія дзяржпасады, але ніколі не былі абыякавымі да лёсу былога «Беларускага піянера». Пра тое, як знаходзіць унутраную матывацыю пісаць, якія складнікі дапамагаюць дасягнуць поспеху, як нараджаюцца кнігі, расказвае дырэктар выдавецтва «Беларусь», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, член рэдкалегіі «Бярозкі» Алесь Карлюкевіч. 

Алесь Мікалаевіч, чаму для дэбюту, 50 гадоў таму, Вы абралі менавіта беларускамоўную перыёдыку?

— Відаць, калі б тады ў мяне спыталі, чаму пішу ў часопіс на беларускай мове, то проста здзівіўся б. А калі глядзець з вышыні сённяшняга часу, то можна толькі наступныя аргументы прывесці… Вучыўся ў школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Чытаў мастацкую літаратуру на беларускай мове. Перыядычны друк у асноўным быў таксама беларускамоўным. І «Бярозка» заўжды была перад вачыма.

Вы дасягнулі шматлікіх вяршынь. У 33 гады былі прызначаны галоўным рэдактарам «Чырвонай змены», пасля ўзначальвалі «ЛіМ», «Звязду», кіравалі Міністэрствам інфармацыі. Якія якасці дапамаглі Вам прайсці такі сур’ёзны кар’ерны шлях?  

— Пра кар’еру я ніколі не думаў і наўмысна яе не будаваў. Пра тую ці іншую пасаду, калі мне прапаноўвалі перайсці на іншую працу, разважаў толькі тады, як узнікала пытанне, калі рабілася прапанова. Мая галоўная кар’ера (і веру, што так адбываецца ў большасці людзей, якія імкнуцца дасягнуць пэўных працоўных вынікаў) — гэта клопат пра тыя ўчасткі, якімі займаешся, за якія адказваеш. Мне ў жыцці пашчасціла – я заўжды працую ў журналістыцы, у медыя, з кнігай. Не проста назіраю трансфармацыю друкаванай перыёдыкі і развіццё айчыннага кнігавыдання, а знаходжуся ў самым працэсе.

У чэрвені 1976 года Алесь Карлюкевіч афіцыйна стаў падбярозавікам і застаецца ім па сёння. Дапамагае накіроўваць малады калектыў па сцяжынках юнацкай журналістыкі і літаратуры. 

Не так даўно выдавецтва «Беларусь» адзначыла 105-годдзе. Віншуем і цікавімся: як святкавалі і якія юбілейныя праекты былі рэалізаваныя?

— Святкавалі ў працоўных штодзённых клопатах. Хіба што правялі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі круглы стол, дзе ўвогуле паразмаўлялі аб праблемах, развіцці айчыннага кнігавыдання. Выдалі зусім нядаўна двухтомную «Чырвоную кнігу Беларусі», шэраг кніг вядомых айчынных гісторыкаў, палітолагаў.

У нашага выдавецтва ёсць такая задача — расказваць пра краіну. І перадусім мы робім гэта з дапамогай краіназнаўчай, публіцыстычнай літаратуры. Мы намагаемся быць уважлівымі да падзей, што з’яўляюцца знакавымі ў жыцці беларускага грамадства. Вельмі шмат выдаём кніг па гісторыі. Найперш — тых, якія звязаны з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Мне здаецца, што цікавасць у чытача розных краін выкліча багата ілюстраванае выданне «Разам! Вялікая Перамога!», на старонках якога паказаны ўдзел прадстаўнікоў розных народаў у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі. Мы выдалі некалькі кніг ваеннага гісторыка, публіцыста Іллі Караблікава, які расказвае ў сваіх творах пра дзяцей на вайне. Расповед пра подзвігі спалучаны з драматычнымі эпізодамі з жыцця беларусаў, жыхароў Беларусі папярэдніх пакаленняў.

Алесь Мікалаевіч, як увогуле нараджаюцца кнігі?
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №3…

Яніна КАРАЛЕВА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА