Вілейскае «мора»: прыгажосць, якую варта ўбачыць

Пад покрывам ліпеньскага неба, у сяброўскай кампаніі, мы выправіліся ў паход да берагоў Вілейскага вадасховішча — самага вялікага штучнага вадаёма Беларусі. Туды ўзялі ў заплечніках намёты і правіянт, а дадому прынеслі водбліскі добрых успамінаў. У мінулым нумары я распавядала пра дзённую вандроўку, але ў гэты раз, пры жаданні, падарожжа можа заняць цэлыя выходныя. Якраз набліжаецца цяпло, а сэрца прагне новых дарог! Прапаную яшчэ адзін цікавы маршрут на машыне недалёка ад Мінска, які дакладна будзе варты вашай увагі (праверана на сабе).

Кожнае падарожжа пачынаецца з пераўтварэння сяброўскага хаóсу ў зладжаны план. У нас гэты механізм спрацаваў добра. Дзяніс, наш нязменны штурман, з хітрай усмешкай праклаў маршрут: з кропелькай самаіроніі — праз вёску Дзяніскі, і з дотыкам да гісторыі — праз таямнічыя руіны сядзібы Шумскіх-Бароўскіх. Таша, як сапраўдная захавальніца паходнага агменю, зрабіла добры спіс патрэбнага абсталявання ды склала меню на кожны дзень. А далей кожны зрабіў свой унёсак у агульную справу: Арыяна і Віка дадалі посуд ды паходныя зэдлікі, я — гародніну і шампýры. А сабачка Дуся стварала настрой. Нашы заплечнікі паступова напаўняліся. Прыгода пачалася з супольнага паходу ў краму па закупы.

Важна! Калі вы, падбярозавікі, таксама едзеце на некалькі дзён, не забудзьцеся на ежу, разлічыце, колькі вады на чалавека трэба ўзяць на дзень, і абавязкова апранайцеся згодна з прагнозам надвор’я!

Мінск —> (47 км, 40 хвілін) Дзяніскі —> (9 км, 10 хвілін) Сядзіба Шумскіх-Бароўскіх

У двух пунктах паміж Мінскам і вадасховішчам прыкладна гадзіну можна правесці ў двух цікавых месцах. Пасля прыпынку каля шыльды «Дзяніскі», каб пасмяяцца ды зрабіць фота, мы выправіліся глядзець на рэшткі сядзібы. Блукаючы там, дзе час, здаецца, застыў, можна адчуць подых былой велічы. На ацалелых сценах дагэтуль праступаюць ініцыялы заснавальніцы маёнтка Брыгіты Шумскай — маўклівыя сведкі таго, як у XIX стагоддзі тут віравала жыццё ў класіцыстычным ансамблі з цяністымі алеямі і замкнёным парадным дваром. Лёс не пашкадаваў сядзібу: пажар 1905 года прымусіў уладальнікаў адбудоўваць яе ў камені, а полымя 1942-га назаўжды знішчыла панскі дом. Цяпер аб мінулым нагадваюць толькі вытанчаная вежка-каплічка, таямнічыя правалы, што вядуць у глыбокія скляпы, ды прырода, якая захапіла маёнтак і стала там сапраўднай гаспадыняй. Натхніўшыся гэтай лірыкай, мы пакінулі муры мінулага, каб паехаць у сучаснасць — на Вілейскае вадасховішча. Месца, дзе мы абавязкова будзем «у моманце».

Сядзіба Шумскіх-Бароўскіх —>  Вілейскае вадасховішча

Гледзячы на велічную водную роўнядзь, што раскінулася на 27 кіламетраў у даўжыню, цяжка ўявіць, што яшчэ паўстагоддзя таму тут усё было зусім інакш. Да 1970-х гадоў на гэтым месцы несла свае хуткія воды рака Вілія, акружаная шматлікімі вёскамі, лугамі і лясамі. Мясцовыя жыхары, як, напрыклад, у вёсцы Рыбчын, займаліся сплавам лесу, а іх побыт быў непарыўна звязаны з ракою. Рашэнне аб стварэнні Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, прынятае ў 1968 годзе, кардынальна змяніла гэты ландшафт. Каб забяспечыць Мінск чыстай пітной вадой, воды Віліі і яе прытокаў — Сэрвачы, Іліі, Орпы і іншых — былі спыненыя магутнай плацíнай.

Сёння Вілейскае вадасховішча забяспечвае вадой 2-мільённы горад. Выконвае ключавую экалагічную ролю, падтрымліваючы лакальны мікраклімат і забяспечваючы вадой прамысловасць і сельскую гаспадарку. Аднак яго галоўная каштоўнасць — унікальнае прыроднае суседства. Тут знайшлі прытулак лебедзь-шыпун і кулік-рагач, берагавую лінію засяляюць бабры, а ў вільготных нізінах сустракаецца звычайна гадзюка. Вядома, можна сустрэць і буслоў. А дзякуючы таму, што лесу змешаны, паветра тут нязвыкла чыстае.

На вадасховішчы кожны знаходзіць свой фармат адпачынку: санаторый, кемпінг, пляжны адпачынак. Наша кампанія абрала зацíшнае, бязлюднае месца дзеля поўнага яднання з прыродай.

Наш топ актыўнасцей і як мы бавілі час

Дні праводзілі па-рознаму, але самае галоўнае ў тым, што мы добра расслабіліся. Першыя суткі былі казачнымі: яркае сонца, вясёлка і велічны бусел, які праляцеў зусім блізка над намі. Нават дробныя бытавыя казусы ператварыліся ў карысны досвед. Калі выявілася, што мы забыліся на кацялок, кожны са смехам заўважыў, што суп мужна зварыць у чайніку ці змайстраваць нешта з фольгі. Але варыць ежу «на шампýрах» нам не хацелася (бо на іх мы дакладна не забыліся), а прыдумляць нешта яшчэ ўжо не было сіл, бо хацелася есці. На дапамогу прыйшоў суседні кемпінг, добра абсталяваны пад адпачынак рознага тыпу. Магчымасць арэнды посуду — выдатны прыклад адказнага спажывання, які дапамагае мінімізаваць колькасць рэчаў у падарожжы. Пры гэтым лепш дбаць пра рыштунак загадзя.

Пакуль мы вырашалі пытанне, дзяўчаты падрыхтавалі свежыя прадукты. Стол складаўся з сытных страў (суп, плоў, салат, яйкі) і асаблівай гарбаты з лясных зёлак, сабраных акурат на месцы. Дарэчы, калі вы хочаце таксама паспрабаваць зварыць такую гарбату — будзьце асцярожнымі і шукайце толькі тыя расліны, якія вы ведаеце! Наша Віка добра арыентуецца ў лесе, зёлках, таму гарбата атрымалася добрай і карыснай. Жыццё ў лагеры было смачным і максімальна натуральным. Вечар прайшоў у размовах ды танцах, а сабачка з мянушкай Дуся стаў сапраўднай душой кампаніі. Ён смешна дапамагаў ва ўсім, ахвотна купаўся і дарыў сваё цяпло падчас начнога адпачынку.

Другі дзень перамясціў нас у
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №3…

Ганна БЕЛАЯ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА