Рубрыка: Рэпартаж
Гэтая вясна сапраўды адчуваецца як абуджэнне прыроды. Прачынаюцца і людзі, а іхнія душы патрабуюць чагосьці лёгкага і натхняльнага… Менавіта з такім настроем мы спяшаліся на выставу з гучнай аптымістычнай назвай «Джаз! Каты! Вясна!» — здавалася б, што можа быць больш дарэчным для сакавіка? Але лёс падрыхтаваў больш цікавы сюжэт.
Пераблытаўшы адрасы, мы завіталі ў філіял галерэі каля метро Якуба Коласа і трапілі на экспазіцыю, прысвечаную палцы. Так-так, вы прачыталі слушна, звычайнаму драўлянаму кійку! Але ўжо з парога нас асвяціла простая ісціна, развеяўшы ўсе сумневы: гэты прадмет суправаджае нас на працягу ўсёй эвалюцыі. Калі сёння дзеці ў дварах хапаюцца за зручныя дубцы, што выглядаюць як меч, дзеля гульняў, то сотні тысяч гадоў таму за іх трымаліся нашыя продкі — каб проста выжыць. Інтрыга была закладзена, і, забягаючы наперад, скажам: у выніку мы ні на кроплю не расчараваліся. Таму ўладкоўвайцеся: мы пачынаем мастацкае падарожжа!
Вельмі мілая дэталь!! На касе вам выдаюць асабістую палачку са штрых-кодам. Вы праходзіце далей, прабіваеце яго і атрымліваеце чэк з імем, пародай і характарам вашай новай палачкі-гадаванца! У нас былі котка па мянушцы Месяц, незалежная аматарка спаць на расчыненых кнігах, і чарапашка Марсэль, упартая і непарушная.
Трошкі гісторыі
Перш як пойдзем па залах, варта зрабіць невялікае адступленне і распавесці, куды ж мы ўсё ж трапілі. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў аддае перавагу выключна мастацтву ХХ–ХХІ стагоддзяў. Створаны трохі больш за дзесяць гадоў таму, налічвае каля 5 000 твораў і адлюстроўвае ўсе галоўныя этапы развіцця айчыннай творчай спадчыны другой паловы мінулага стагоддзя і да нашых дзён. Тут можна пабачыць усё: ад жывапісу і скульптуры, да тэатральных паказаў, камп’ютарнай графікі і дызайну.
Мастацтва пад нагамі: першы паверх
Літаральна за метр ад уваходу ў залу нас сустракаюць самыя знакамітыя ў гісторыі палкі: барабанныя, ватныя, для ежы, зубачысткі і звычайная качáлка (рус. скалка). Мы можам карыстацца імі на праця́гу ўсяго жыцця і нават не задумвацца над гэтым. Унікальнасць прэзентаваных тут твораў — ад карцін і скульптур да інтэрактыўных аб’ектаў — у іх сувязі з прыродай: яны альбо створаны з галінак і драўніны, альбо канцэптуальна прысвечаны гэтай тэме.
На карціне «Снежныя людзі» мы бачым захапляльную сцэну: дагістарычнае племя з дапамогай вострых дзід палюе на велізарную мыш — іх галоўную здабычу і надзённы пражытак. А побач з палатном — сплеценыя з жалезных пруткоў мядзведзікі, якія круцяць педалі ровара, едучы па абпаленым бервяне. Крыху далей узвышаецца металічнае дрэва сучаснага мегаполіса — халоднае, пазбаўленае лісця, з цяжкім каменем замест асяродку.
Асобна хочацца пахваліць арганізатараў за інфарматыўныя шыльдачкі — яны тут сапраўды працуюць як праваднікі ў задуму аўтара. Вось перад намі цікавая і, шчыра кажучы, крышачку вусцішная кампазіцыя: персанаж па мянушцы Хітранькі побач з натуральнай галінкай. Што б гэта магло значыць? Тэкст побач раскрывае метафару: фігурка зроблена з фанеры, матэрыялу штучнага, збітага з мноства «незнаёмых» адно аднаму дрэў. А яе расфарбоўка — сапраўдны кітч, што прыцягвае позірк, але не пускае ўнутр. А вось галінка насупраць — маналітная і непарушная. Сарві яе, але сапраўдную прыроду ты не падманеш і не зменіш.
Самай стракатай сярод экспанатаў першага паверху стала...
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №3…
Сяргей СТАРЫЧОНАК
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА



